Адсутнасць жорсткай рэакцыі Беларусі на ўдар беспілотніка па аўтобусе ў Бранскай вобласці не з’яўляецца праявай слабасці і баязлівасці. Пра гэта заявіў на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН, прысвечаным інцыдэнту, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў. Паводле яго слоў, атака была накіраваная на эскалацыю канфлікту і ўцягванне Мінска ў вайну Расіі супраць Украіны.
«Той, хто здзейсніў удар па беларускім аўтобусе, дзейнічаў наўмысна і правакацыйна. Такія дзеянні свядома накіраваныя на эскалацыю канфлікту і на ўцягванне Беларусі ва ўзброены канфлікт паміж Расіяй і Украінай. Гэта спроба стварыць падставу для таго, каб сутыкнуць Беларусь з Украінай і ўцягнуць нашу краіну ў вайну.
Любыя спробы ціску або запалохвання, ультыматумы, пагрозы ў адрас Беларусі і яе кіраўніцтва недапушчальныя.
Мы настойліва рэкамендуем не выпрабоўваць далей цярпенне беларускага боку і ні ў якім разе не лічыць адсутнасць неадкладнай жорсткай рэакцыі праявай слабасці, нерашучасці або баязлівасці», — сказаў ён.
Рыбакоў таксама закрануў публічныя заявы ўкраінскага кіраўніцтва. Ён абвінаваціў Кіеў у імкненні да абвастрэння канфлікту.
«Публічныя імпульсіўныя выказванні, якія мы нядаўна пачулі ад кіраўніцтва Украіны, сведчаць толькі пра імкненне да далейшага абвастрэння канфлікту», — сказаў ён.
Паводле слоў Рыбакова, Мінск і Кіеў вядуць канфідэнцыйны дыялог для пошуку пунктаў судакранання.
«Паміж Мінскам і Кіевам працягваецца прафесійны канфідэнцыйны дыялог для абмену інфармацыяй і пошуку пунктаў судакранання. Гэты дыялог дае свае вынікі і будзе працягнуты. Дастаткова сказаць, што ўсе абмены палоннымі і целамі загінулых паміж расійскім і ўкраінскім бакамі праходзяць пры нашым садзейнічанні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Усё гэта неабходна ўлічваць, перш чым выносіць абвінавачанні ў публічную плоскасць і ладзіць правакацыі», — дадаў ён.
Пастаянны прадстаўнік таксама звярнуў увагу на сістэматычнае трапленне беспілотнікаў у беларускую паветраную прастору і адкінуў абвінавачанні ў саўдзеле ў агрэсіі.
«Як неаднаразова паведамлялася, у паветраную прастору Беларусі траплялі і працягваюць трапляць беспілотныя лятальныя апараты. У выніку падзенняў БПЛА маюцца пашкоджанні на нашай тэрыторыі. Ідзе вайна з масіраваным выкарыстаннем дронаў і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.
Сёння абвінавачанні ў адрас Беларусі ў саўдзеле ў канфлікце гучаць асабліва цынічна з боку дзяржаў, якія трацяць мільярды долараў на пастаўкі Украіне ўзбраенняў, падрыхтоўку вайскоўцаў, перадачу разведвальных даных. Менавіта гэтыя краіны з’яўляюцца не проста саўдзельнікамі, а прамымі ўдзельнікамі вайны і робяць усё, каб гэтая вайна працягвалася.
Беларусь заклікае да аб’ектыўнай і бесстаронняй ацэнкі здзейсненай атакі на аўтобус з беларускімі грамадзянамі з боку міжнароднай супольнасці. Падобныя злачынствы не павінны замоўчвацца, а вінаватыя не павінны ўхіляцца ад адказнасці», — заключыў ён.
Расію на пасяджэнні прадстаўляла Ганна Еўсцігнеева, якая наўпрост абвінаваціла Украіну ў атацы на беларускі аўтобус, назваўшы яе доказам «тэрарыстычнай сутнасці рэжыму Зяленскага». Яна заклікала Генеральнага сакратара і падраздзяленні ААН безумоўна асудзіць напад.
Намесніца пастаяннага прадстаўніка Украіны пры ААН Крысціна Гаёвышын заявіла, што яе краіна не зацікаўленая ў правакаванні Беларусі або прычыненні шкоды беларускім грамадзянам. Яна назвала абвінавачанні часткай «добра адпрацаванай схемы дэзінфармацыі», тактыкі, якую Крэмль выкарыстоўвае для адцягнення ўвагі ад уласных ваенных злачынстваў. Паводле яе слоў, атака накіраваная на распальванне варожасці да Украіны сярод беларускай грамадскасці.
Прадстаўнік ЗША адзначыў, што ўкраінскія афіцыйныя асобы «безумоўна абверглі сцвярджэнні, якія былі выкарыстаныя ў якасці апраўдання для сённяшняга брыфінгу».
«Без большай пацверджанасці гэтых абвінавачанняў мы перасцерагаем ад правакацыйнай рыторыкі, якая толькі рызыкуе ўзмацніць і пашырыць вайну», — сказаў ён.
Замест гэтага ён заклікаў да тэрміновай дээскалацыі і руху да неадкладнага спынення агню.
Прадстаўнік Вялікабрытаніі падкрэсліў, што калі б РФ сапраўды хацела абараніць мірнае насельніцтва, яна пагадзілася б на поўнае, неадкладнае і безумоўнае спыненне агню.