Гродзенская міліцыя адчыталася пра паказальнае мерапрыемства па высылцы з Беларусі чатырох замежнікаў. Каб зачытаць рашэнні аб высылцы, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце сабралі замежных студэнтаў.
«Без дыпломаў аб вышэйшай адукацыі вернуцца на радзіму чацвёра замежных грамадзян, якія ўчынілі грубыя адміністрацыйныя правапарушэнні па лініі ДАІ. Рашэнне аб высылцы ў інтарэсах грамадскага парадку за межы Рэспублікі Беларусь агучана на прафілактычным мерапрыемстве, праведзеным у купалаўскім універсітэце», — гаворыцца ў паведамленні УУС Гродзенскага аблвыканкама.
«Адзін з іх у Дзень Перамогі здолеў стварыць аварыйную сітуацыю ў сталіцы рэспублікі. У 8:30 на адной з мінскіх вуліц пры павароце налева на зялёны сігнал святлафора хлопец не саступіў дарогу сустрэчнаму транспартнаму сродку.
Другі, замест таго каб вывучаць якую-небудзь з вучэбных дысцыплін, таксама адправіўся ў Мінск і ў паўпершай ночы пры руху заднім ходам не стварыў бяспеку дарожнага руху, што прывяло да стварэння аварыйнай абстаноўкі. Яшчэ двое замежнікаў груба парушылі ПДР у Гродне, што таксама прывяло да аварый з прычыненнем механічных пашкоджанняў транспартным сродкам», — распавяла пра парушэнні замежнікаў, якіх высылаюць, старшая інспектарка АГіМ Кастрычніцкага РУУС Гродна маёр міліцыі Вольга Жук.
Усе замежнікі былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 12 арт. 18.13 КаАП у выглядзе штрафу з пазбаўленнем права кіравання транспартным сродкам на той ці іншы тэрмін. Яны выплацілі штраф, але гэта не ўратавала іх ад высылкі, бо парушэнні ПДР былі неаднаразовымі. Замежнікам забаронены ўезд у Беларусь на два гады.

