МЗС Расіі зноў нагадаў пра гарантыі бяспекі ў Саюзнай дзяржаве

Навіны
Фото: МИД РФ

Міністэрства замежных спраў Расіі вырашыла ў чарговы раз нагадаць пра гарантыі бяспекі для Мінска ў кантэксце вайны РФ супраць Украіны. Падчас інтэрв’ю ТАСС расійскаму намесніку міністра замежных спраў Міхаілу Галузіну было зададзена пытанне пра “рызыку ўзброеных правакацый Украіны”.

“Падобныя рызыкі, безумоўна, намі ўлічваюцца. У чэрвені з боку асобных прадстаўнікоў кіеўскага рэжыму сапраўды гучалі неабгрунтаваныя пагрозы на адрас братэрскай Беларусі. Больш за тое, гэтыя агрэсіўныя выпады былі падтрыманыя на ўзроўні Еўракамісіі вуснамі яе афіцыйнага прадстаўніка Хіпер, – адказаў Галузін.

Пасля гэтага ён вырашыў нагадаць пра гарантыі бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы і размяшчэнне “Арэшніка”.

“Разглядаем такія задумы Кіева і яго еўрапейскіх спонсараў як чарговае сведчанне незацікаўленасці ўкраінскай хунты ва ўсталяванні міру ў рэгіёне, яе імкнення пашырыць геаграфію баявых дзеянняў, уцягнуўшы ў канфлікт найбліжэйшых суседзяў.

Любыя спробы дэстабілізацыі абстаноўкі і правакацыі супраць нашага саюзніка будуць расцэньвацца як замах на ўсю Саюзную дзяржаву. З сакавіка 2025 года паміж Расіяй і Беларуссю дзейнічае Дагавор аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы, які замацоўвае выразны механізм сумеснага рэагавання на любыя дзеянні, якія могуць быць кваліфікаваныя як пагроза суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці або канстытуцыйнаму ладу аднаго з бакоў. У адпаведнасці з духам і літарай гэтага пагаднення бяспека Расіі і Беларусі непадзельная, а любы замах звонку на аднаго з саюзнікаў аўтаматычна разглядаецца як выклік усёй Саюзнай дзяржаве.

У рамках адзінай абароннай прасторы паспяхова функцыянуюць аб’яднаная Рэгіянальная групоўка войскаў (сіл) і Адзіная сістэма СПА. На тэрыторыі Беларусі ў 2024 годзе была размешчаная расійская нестратэгічная ядзерная зброя, а ў канцы 2025 года — ракетныя комплексы “Арэшнік”. У планавым рэжыме праводзяцца сумесныя ваенныя вучэнні па павышэнні баявой падрыхтоўкі. У 2025 годзе ў рамках маштабных манеўраў “Захад-2025” адпрацоўваліся розныя сцэнары адбіцця агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы. 21 мая адбыліся першыя сумесныя вучэнні па кіраванні стратэгічнымі і тактычнымі ядзернымі сіламі.

Спадзяёмся, што заходнім партнёрам хопіць разважлівасці ўтрымаць рэжым Зяленскага ад правакацый, здольных прывесці да непапраўных наступстваў для Еўрапейскага кантынента”, – працягнуў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.