Памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў будзе залежаць ад даходаў атрымальніка. Пра гэта расказаў міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч па выніках нарады ў Лукашэнкі.
Паводле слоў міністра, спецыялісты вылучылі найбольш важкія ў фінансавым плане аспекты для сем’яў у момант нараджэння дзіцяці, і гэта памер дапамогі па доглядзе дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў.
“Урад прапанаваў кіраўніку дзяржавы перагледзець падыходы да вызначэння памераў дапамогі па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў. Гэтыя памеры цяпер аднолькавыя для ўсіх атрымальнікаў дапамог і фактычна не залежаць ад рэальнага ўзроўню даходаў атрымальнікаў.
Мы прапануем змяніць гэтую сістэму і вызначаць памер дапамогі ад узроўню рэальных даходаў атрымальніка. Пры гэтым захаваецца мінімальная гарантыя, якая ёсць сёння, – мінімальная планка не будзе ніжэй за дзейны памер дапамогі. Максімальны памер будзе абмежаваны ўзроўнем сярэдняй заработнай платы ў краіне”, – расказаў Лабовіч, перадае БелТА.
Нагадаем, цяпер памер дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў змяняецца двойчы на год. З 1 жніўня ён складае:
- на першае дзіця – 1 057,7 рубля,
- на другое і наступных дзяцей – 1 208,8 рубля,
- на дзіця-інваліда – 1 359,9 рубля.
