Новая схема фінансавання паставак мінеральных угнаенняў для сельскай гаспадаркі можа быць запушчана ў Беларусі ў 2028 годзе. Гэтае пытанне абмяркоўвалася сёння на нарадзе з Аляксандрам Лукашэнкам.
Новая схема прадугледжвае, што 50% кошту ўгнаенняў будзе аплачвацца з кансалідаванага бюджэту, а 50% — са сродкаў сельгасарганізацый, паведамляе прэс-служба ўрада.
«З 2028 года мы прапануем абсалютна новую схему, якая, на наш погляд, будзе самай рабочай. На 50% гэта будзе кансалідаваны бюджэт, яшчэ 50% – сродкі сельскагаспадарчых арганізацый. Але ёсць агаворка: 50% сродкаў кансалідаванага бюджэту будуць накіраваныя заводам – вытворцам мінеральных угнаенняў толькі пры аплаце сельскагаспадарчымі арганізацыямі сваёй часткі», — заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў.
У 2027 годзе долю кансалідаванага бюджэту на закупку мінеральных угнаенняў плануецца павялічыць на 6%. Кантраляваць выкарыстанне бюджэтных сродкаў і прымяненне ўгнаенняў будуць аблвыканкамы.
Горлаў адзначыў, што дзейная схема фінансавання паставак угнаенняў мае патрэбу ў карэкціроўках.
«Мы бачым, што гэтую схему трэба карэкціраваць у плане таго, што на працягу года мы звяртаемся да кіраўніка дзяржавы па дадатковыя крыніцы фінансавання на закупку мінеральных угнаенняў. Гэта не вельмі зручна і займае пэўны час для распрацоўкі нарматыўных прававых дакументаў», — заявіў міністр.
Пытанне кантролю за цэнаўтварэннем на мінеральныя ўгнаенні будзе разглядацца на адпаведнай камісіі пры Савеце міністраў.
На сённяшняй нарадзе Лукашэнка звярнуў увагу, што сельгасарганізацыі не выбіраюць квоты мінеральных угнаенняў, якія ім прадаюць на льготных умовах. У выніку тавар не ўдаецца прадаць на знешнім рынку, дзе цяпер высокія цэны.
