У Беларусь прыбыла чарговая партыя знішчальнікаў Су-30СМ2. Пасля тэхнічнага вывучэння на авіябазе яны заступяць на дзяжурства, паведамляе Мінабароны.
«Прыбыццё новай авіяцыйнай тэхнікі стала ўжо добрай традыцыяй: парк яе няўхільна абнаўляецца. Паглядзіце на зноў прыбылыя самалёты Су-30СМ2. Гэта самалёт-знішчальнік, які адпавядае ўсім патрабаванням, што прад’яўляюцца да авіяцыйнай тэхнікі такога класа. Лятаць на ім — гэта сапраўднае шчасце.
Хутка гэтыя самалёты пройдуць тэхнічнае вывучэнне на авіяцыйнай базе і максімум праз два тыдні заступяць на абарону нашай любімай Радзімы ў паветранай прасторы», — заявіў намеснік камандуючага ВПС і войскамі ППА — начальнік авіяцыі палкоўнік Аляксандр Бяляеў.
Бяляеў падкрэсліў, што гэта не апошняя партыя самалётаў, якая прыбыла ў Беларусь.
«Гэта не крайняя партыя: у далейшым будзе паступаць новая тэхніка, абароназдольнасць нашых паветраных межаў будзе ўзрастаць», — заявіў ён.
У жніўні гэтага года камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэй Лук’яновіч заявіў, што да канца 2025 года чакалася прыбыццё яшчэ чатырох Су-30СМ2.
Мінабароны не раскрывае, колькі менавіта самалётаў прыбыло. На фота іх бартавыя нумары заблюраны. Аднак захаваць сакрэтнасць не ўдалося дзякуючы расійскім блогерам. 25 снежня ў інтэрнэце з’явіліся фота двух новых Су-30СМ2, зробленыя падчас дазапраўкі ў навасібірскім аэрапорце Талмачова.



