Замест тэхна-рэйву — Ігар Нікалаеў і Люся Чабоціна: як Белавежская пушча адмяніла басы і прыйшла да расійскай папсы

Культура
Афіша фэсту. Фота: сайт Нацыянальнага парку "Белавежская пушча".

Нацыянальны парк «Белавежская пушча» абвясціў праграму фестывалю «Зубр-Фэст», які пройдзе 25–26 верасня. Замест анансаванага раней тэхна-рэйву ў «самым сэрцы некранутай прыроды» наведвальнікаў чакае двухдзённы поп-канцэрт з удзелам дзеячаў расійскай і беларускай эстрады.

У першы дзень, які арганізатары пафасна назвалі «Дыханне Белавежскай пушчы», за заспакаенне прыроды будуць адказваць Насця Краўчанка, Антоха МС, гурт PIZZA і Люся Чабоціна, а фінальным акордам стане лазернае шоу.

На другі дзень пад назвай «Музычны запаведнік» эстафету прымуць Герман Цітоў, Ева Польна, гурт «Дрозды» і Ігар Нікалаеў. Праграму завяршыць 3D-праекцыя пра гісторыю лесу.

Нагадаем, што раней у Нацыянальным парку планавалі правесці тэхна-рэйв. Спачатку ініцыятыву запланавалі на красавік — акурат у сезон гнездавання птушак і цішыні ў лесе. Пасля шматлікіх абурэнняў грамадскасці фэст перанёслі на жнівень і выселілі з глыбіні лесу на паркоўку перад галоўным уваходам у парк.

Аднак за некалькі дзён да прызначанай даты арганізатары здаліся і канчаткова скасавалі ініцыятыву. Басы ў пушчы так і не прагучалі: рэйв афіцыйна адмянілі, заявіўшы, што «засяроджваюць усе сілы» на падрыхтоўцы «Зубр-Фэсту».

Здаецца, запаведны лес усё ж такі не атрымае жаданай цішыні — проста замест тэхна-вібрацый дрэвы і птушкі будуць слухаць выканаўцаў з дыскатэк 90-х і расійскага шоу-бізнесу.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.