Улады Кіпра афіцыйна пацвердзілі, што грамадзяне Беларусі з пратэрмінаванымі беларускімі пашпартамі могуць атрымліваць і падаўжаць дазволы на пражыванне ў краіне. Як паведамілі “Радыё Свабода” ў Офісе намесніка міністра міграцыі і міжнароднай абароны Кіпра, адпаведнае адміністрацыйнае рашэнне дзейнічае з мая 2026 года.
Па запыце рэсурсу ў ведамстве пацвердзілі, што Міграцыйны дэпартамент Кіпра ўхваліў парадак, які дазваляе грамадзянам Беларусі з пратэрмінаванымі пашпартамі атрымліваць або падаўжаць від на жыхарства.
Асобна кіпрскія ўлады пацвердзілі магчымасць легалізацыі дзяцей, якія нарадзіліся на Кіпры ў сем’ях, дзе абодва бацькі з’яўляюцца грамадзянамі Беларусі і не могуць атрымаць для дзіцяці беларускі пашпарт. У такім выпадку падставай для атрымання дазволу на пражыванне можа служыць выдадзенае на Кіпры пасведчанне аб нараджэнні.
Новы парадак дзейнічае з мая бягучага года. 26 жніўня Міграцыйны дэпартамент Кіпра афіцыйна апублікаваў інфармацыю пра яго на сваім сайце.
Пры гэтым застаецца адкрытым пытанне аб тым, ці будзе перыяд пражывання на Кіпры па дазволе, выдадзеным на падставе пратэрмінаванага беларускага пашпарта, залічвацца ў тэрмін, неабходны для атрымання грамадзянства. У міграцыйным ведамстве рэкамендавалі звярнуцца па гэтым пытанні ў Міністэрства ўнутраных спраў Кіпра, якое адказвае за натуралізацыю.
Від на жыхарства пры гэтым не замяняе пашпарт або іншы праязны дакумент. Таму новы парадак не вырашае праблему міжнародных паездак для беларусаў, у якіх няма дзейнага пашпарта.
Раней шэраг еўрапейскіх краін спрасцілі працэдуры легалізацыі для беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі. Цяпер такія правілы дзейнічаюць у 12 краінах. У іх ліку Польшча, Літва і Іспанія.
