Жыхары Жлобіна ўвечары 25 жніўня паведамілі пра гучны незвычайны гук, выказаўшы здагадку, што ён мог быць звязаны з пралётам беспілотніка. Паведамленні пра гэта ў сацсетках заўважыў «Флагшток».
Паводле слоў мясцовых жыхароў, каля 17:00 гул, падобны на гук рэактыўнага беспілотніка, чулі на ўскраіне Жлобіна ў раёне Лебедзеўкі, у 16-м мікрараёне, пасёлку Рабочым і мікрараёне Заходні.
Сам беспілотнік, як адзначалася, не было відаць з-за нізкай воблачнасці. Некаторыя жыхары паведамілі, што ў той жа вечар назіралі знішчальнік, які ляцеў нізка. Яго бачылі над цэхамі Беларускага металургічнага завода і ў цэнтры горада.
Адзін з карыстальнікаў таксама паведаміў, што прыкладна ў гэты ж час знішчальнік кружыў над Светлагорскам.
Каля 17:00 украінскія маніторынгавыя каналы паведамлялі пра актыўнасць ваеннай авіяцыі ва ўсходняй частцы Беларусі. У прыватнасці, канал «ППО Радар» у 16:51 паведаміў пра ўзняцце ў паветра трох самалётаў Су-30.
Раніцай 25 жніўня маніторынгавыя групы таксама фіксавалі рух расійскіх рэактыўных беспілотнікаў над Чарнігаўскай вобласцю Украіны. Паводле іх інфармацыі, каля 14:40 адразу 6 груп БПЛА рухаліся ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы з усходу на захад.
