Місія
REFORM.NEWS (раней REFORM.BY) – каманда журналістаў, якая ўжо больш за пяць гадоў прафесійна расказвае чытачам пра падзеі ў Беларусі і свеце 24/7. Мы бачым сваю місію ў захаванні высокіх стандартаў беларускай журналістыкі.
Гісторыя
У 2016 годзе быў створаны праект «Рэфармацыя» (rfrm.io) – платформа для абмену меркаваннямі аб неабходных рэформах у Беларусі. За некалькі гадоў на ёй былі апублікаваныя сотні лонгрыдаў пра неабходныя змены ў нашай краіне. Мы супрацоўнічалі з вядучымі беларускімі think tanks і простай мовай расказвалі пра тыя ідэі, якія маглі б дапамагчы Беларусі стаць сучаснай еўрапейскай дзяржавай.
У 2018 годзе праект пераехаў на дамен Reform.by і ператварыўся ў паўнавартаснае медыя з навінавай рэдакцыяй, рэпарцёрамі і аддзелам расследаванняў. Мы працягнулі размаўляць з вядучымі экспертамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пра будучыню рэгіёна і Беларусі як неад’емнай часткі еўрапейскай супольнасці. Наша рэдакцыя правяла дзясяткі важных і гучных расследаванняў: пра гібрыдны ўплыў Расіі, міграцыйны крызіс на межах ЕС, дзейнасць спецслужбаў у беларускай дыяспары, абыход санкцый з боку беларускіх уладаў.
Да жніўня 2020 года Reform.by быў адным з самых папулярных грамадска-палітычных медыя Беларусі. Штодня сайт наведвалі сотні тысяч беларусаў, калі рэдакцыя апынулася ў эпіцэнтры падзей, што разгарнуліся пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Нашых журналістаў затрымлівалі і адпраўлялі ў ізалятары часовага ўтрымання.
Улетку 2021 года пад пагрозай крымінальнага пераследу рэдакцыя пакінула Беларусь. У жніўні 2021 года сайт Reform.by быў заблакаваны ў Беларусі, а ў лютым 2022 года – заблакаваны або песімізаваны ва ўсіх папулярных сярод беларусаў расійскіх сэрвісах. Штодзённая аўдыторыя сайта скарацілася больш чым у 10 разоў. Цяпер мы кампенсуем гэта падзенне развіццём праекта на альтэрнатыўных платформах.
15 красавіка 2024 года ААЦ адабраў у рэдакцыі дамен Reform.by. Праект працягнуў працу па новым адрасе – Reform.news.
Рэдакцыя
Мы змаглі хутка аднавіць працу, ніводзін супрацоўнік Reform.news не трапіў у турму. З 2021 года каманда працуе з Варшавы як рэдакцыя ў выгнанні. У штаце Reform.news усяго 10 чалавек – менеджары, рэдактары і журналісты. Ядро аўдыторыі сайта па-ранейшаму з намі, дзякуй вам!
Кампактны штат дазваляе нам абнаўляць падрабязную, унікальную і аператыўную стужку навін, пісаць аўтарскую аналітыку для стэйкхолдараў, праводзіць інтэрв’ю і расследаванні, сачыць за культурнымі падзеямі і нават ствараць некалькі ўнікальных прадуктаў для YouTube і TikTok. Мы выпускаем спецпраекты пра гендарную роўнасць, грамадзянскую супольнасць, палітычную гісторыю Беларусі і бачанне дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.
Reform.news рэгулярна займае высокія пазіцыі ў рэйтынгу маніторынгу Media IQ па выкананні стандартаў інфармацыйнай журналістыкі. У рэдакцыйнай палітыцы мы абапіраемся на факты і аналітыку.
У чэрвені 2023 года рэдакцыя Reform.news стала адным з лаўрэатаў прэміі ў галіне свабоды СМІ Free Media Awards 2023 за «асвятленне сітуацыі ў Беларусі ў асабліва складаных умовах».
У 2024 годзе галоўны рэдактар Reform.news стаў лаўрэатам прэміі Кшыштафа Міхальскага для беларускіх журналістаў у выгнанні.
У канцы 2024 года галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка стаў «Журналістам года – 2024» паводле версіі Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі.
У верасні 2025 года рэдакцыя Reform.news атрымала дзве ўзнагароды ў конкурсе «Вольнае слова».
Падтрымаць працу рэдакцыі можна з дапамогай ахвяраванняў.
Па пытаннях размяшчэння рэкламы і партнёрства пішыце на [email protected].
Арганізацыйная падтрымка і фінансаванне
Фінансавую і арганізацыйную падтрымку рэдакцыі Reform.news аказвае зарэгістраваны ў Польшчы фонд FOUNDATION FOR INVESTIGATIVE JOURNALISM (KRS 0000948795).
Праца рэдакцыі фінансуецца за кошт грантаў, ахвяраванняў чытачоў, рэкламы і партнёрскіх праектаў. Донары, рэкламадаўцы, камерцыйныя партнёры і арганізацыі, якія аказваюць фінансавую падтрымку, не ўдзельнічаюць у прыняцці рэдакцыйных рашэнняў і не вызначаюць змест публікацый.
Reform.news захоўвае рэдакцыйную незалежнасць. Адказнасць за змест матэрыялаў і рэдакцыйныя рашэнні нясе рэдакцыя Reform.news.
Бяспека рэдакцыі
Reform.news заблакаваны ў Беларусі паводле рашэння ўладаў. Праца незалежных журналістаў у краіне звязаная з пагрозай адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу. Ціску таксама могуць падвяргацца сваякі супрацоўнікаў рэдакцыі.
З меркаванняў бяспекі імёны часткі журналістаў і рэдактараў не раскрываюцца. Матэрыялы такіх супрацоўнікаў публікуюцца пад сталымі псеўданімамі або калектыўным подпісам «Рэдакцыя Reform.news». Гэта дазваляе абараніць аўтараў і іх сем’і, захоўваючы рэдакцыйную адказнасць за апублікаваныя матэрыялы.
Адказнасць за рэдакцыйныя рашэнні нясе галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка.