У Гомельскай вобласці зноў прыпынена праца аўтамабільнага пункта пропуску «Селішча» (з расійскага боку «Красный Камень») на дарозе ў напрамку Бранска. Беларускія кіроўцы паведамляюць, што сілавікі разгортваюць аўтамабілі, не дазваляючы ім даехаць да пункта пропуску, піша Mayday.Team.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі рэсурсу, прычынай мог стаць удар беспілотніка па грузавым аўтамабілі на трасе.
Расійскія памежнікі накіроўваюць дальнабойшчыкаў на іншы маршрут для ўезду ў Беларусь, паўночней, праз пасёлак Верхлічы на мяжы з Чачэрскім раёнам Гомельскай вобласці.
Бранскія СМІ паведамлялі пра масіраваную атаку беспілотнікаў у ноч на 26 жніўня, аднак інфармацыі пра пападанне непасрэдна ў пункт пропуску «Красный Камень» не публікавалі.
Аналагічны інцыдэнт адбыўся на гэтым участку мяжы 11 жніўня. Паведамлялася, што тады пункт пропуску часова закрывалі пасля ўдару беспілотніка, у выніку якога загарэліся два грузавікі. Турэцкае агенцтва IHA публікавала відэа з расійска-беларускай мяжы, знятае кіроўцамі грузавікоў. На кадрах была бачная фура, якая гарэла, і іншая машына з пашкоджанай кабінай. Кіроўцы расказвалі пра ўдар беспілотніка і выбух каля мяжы. Паводле інфармацыі IHA, у выніку той атакі загінулі і атрымалі раненні грамадзяне Ірана і Беларусі.
У пачатку ліпеня на гэтым жа памежным напрамку пад удар трапіў беларускі аўтобус, які ехаў з Мінска ў Анапу. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя Беларусі, тады пацярпелі два кіроўцы і пасажыр. Пасля інцыдэнту пункт пропуску «Красный Камень» таксама часова прыпыняў працу.
У Гомельскай вобласці зноў закрыты аўтамабільны пункт пропуску “Селішча”/“Красный Камень” на дарозе на Бранск (іншая назва – “Злынка”).
