Купалаўскі тэатр плануе папоўніць рэпертуар пастаноўкамі паводле твораў беларускай класікі. Пра гэта стала вядома з анонсу рэжысёрскай лабараторыі, якую ўстанова правядзе з 24 да 30 жніўня. Асноўная «цікавостка» праекта ў тым, што ствараць эскізы паводле беларускай драматургіі будуць расійскія рэжысёры.
Вынікі тыднёвай працы пакажуць 30 жніўня. Пасля прагляду гледачы змогуць прагаласаваць «за» або «супраць» убачанага, і эскіз-пераможца абяцаюць развярнуць у паўнавартасны спектакль бягучага рэпертуару.
Кіраўніком лабараторыі заяўлены Аляксандр Віслаў — расійскі тэатразнаўца, крытык і тэатральны менеджэр.
Хто ставіць у лабараторыі, і якія творы?
Так, «Мудрамер» Міколы Матукоўскага рэжысуе Аляксандр Агараў — заслужаны артыст РФ, лаўрэат прэміі «Залатая маска» (2012). Кіраваў Тэатрам драмы ў Томску і Астраханскім тэатрам драмы, ставіў у маскоўскай «Школе драматычнага мастацтва». У сваіх інтэрв’ю расійскім медыя засяроджваецца на класічным рэпертуары, адзначаючы: «Нельзя себе представить ни одного писателя, который бы так описывал внутреннюю ситуацию человека… И насколько русская душа фантастична и парадоксальна в своих безумных идеях».
Выпускнік ГІТІСа Андрэй Шляпін засяродзіцца на рэжысуры эскіза да «Чорт і баба» Францішка Аляхновіча. З 2021 па 2023 год Шляпін займаў пасаду галоўнага рэжысёра Рускага драматычнага тэатра ў Набярэжных Чаўнах (Татарстан), раней працаваў мастацкім кіраўніком тэатра ў Беразніках (Пермскі край). Спецыялізуецца на пастаноўках у рэгіёнах РФ і лабараторных праектах.
А трэці эскіз — паводле п’есы «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы — увасобіць Марыя Раманава — пецярбургская рэжысёрка, выпускніца Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай акадэміі тэатральнага мастацтва. Працавала штатнай рэжысёркай у Тэатры імя Ленсавета, ставіла ў пецярбургскім тэатры «Майстэрня» і іншых дзяржаўных пляцоўках РФ.
Нагадаем, што пасля сыходу асноўнай трупы тэатра ў 2020 годзе на знак пратэсту супраць гвалту і сфальсіфікаваных выбараў, Купалаўскі сутыкнуўся з кадравым крызісам. Адміністрацыя пачала вырашаць яго за кошт сістэматычнага запрашэння спецыялістаў з Расіі — ад новых актораў да прызначэння мастацкага кіраўніка Дзмітрыя Акімава.
Гледзячы па апошніх навінах, як менавіта зараз павінна гучаць на нацыянальнай сцэне беларуская класіка, вырашаць будуць рэжысёры, якія сфармаваліся ў межах расійскай тэатральнай сістэмы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
