Сейм Польшчы прагаласаваў за падаўжэнне часовага абмежавання права на падачу заяў аб міжнароднай абароне на мяжы з Беларуссю. За падаўжэнне прагаласавалі 399 дэпутатаў, 12 выступілі супраць, трое ўстрымаліся, паведамляе партал мясцовага самакіравання.
Абмежаванне будзе дзейнічаць з 21 мая на працягу 60 дзён. Гэта ўжо сёмае падаўжэнне запар.
У абгрунтаванне рашэння ўрад указаў, што прычыны ўвядзення абмежавання не ліквідаваныя: інструменталізацыя міграцыі працягваецца і ўяўляе сур’ёзную пагрозу нацыянальнай бяспецы. У дакуменце таксама адзначаецца, што падчас крызісу рэгулярна адбываліся напады агрэсіўных мігрантаў на польскія патрулі з ужываннем камянёў, бутэлек, тлеючых галін, цэглы і палак з прымацаванымі нажамі і цвікамі.
Акрамя таго, было адзначана, што «беларускія дзяржаўныя службы актыўна ўдзельнічалі (прыхавана або адкрыта) у нападах на салдат, паліцэйскіх і супрацоўнікаў Памежнай службы».
«Былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі прамых нападаў з боку прадстаўнікоў беларускіх службаў, якія выяўляліся ў прыцэльванні з агнястрэльнай зброі, кіданні камянёў у польскіх супрацоўнікаў, што знаходзіліся на лініі мяжы, асляпленні лазерамі або моцным страбаскапічным святлом і тым самым перашкоджанні прадухіленню спроб незаконнага перасячэння мяжы мігрантамі», — гаворыцца ў абгрунтаванні.
Асобна згадваецца павелічэнне колькасці спроб пракладкі тунэляў пад памежнай агароджай пад наглядам беларускіх службаў.
З моманту ўвядзення абмежавання і па 21 красавіка 2026 года заявы не былі прынятыя ад 475 замежнікаў. Пры гэтым 127 заяўнікаў з уразлівых груп атрымалі абарону. У той жа перыяд годам раней на беларускім участку мяжы было пададзена 3130 заяў аб абароне, якія ахоплівалі 3611 чалавек.
