Ругінене: Літва гатовая разгледзець запыт ЗША аб транзіце калію

Галоўнае
Фото: БКК

ЗША не патрабавалі ад Літвы разгледзець магчымасць аднаўлення транзіту калію, але калі такі запыт паступіць, ён будзе разгледжаны, заявіла прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене.

«Ніколі не было ніякага запыту да нас разгледзець [аднаўленне] транзіту праз Літву, але калі такі запыт будзе — мы гэты запыт разгледзім. Калі надыдзе гэты крок, тады мы і зможам ацэньваць і гаварыць. Цяпер пра гэта нават гаворкі не ідзе», — цытуе Ругінене агенцтва ELTA.

Ругінене падкрэсліла, што адносіны Вільні і Вашынгтона застаюцца добрымі, а дыпламатычная падтрымка з боку ЗША пры вырашэнні пытання з гібрыднымі атакамі Беларусі з’яўляецца вельмі важнай.

Літоўская прэм’ер-міністарка таксама адзначыла эфектыўнасць мер, прынятых літоўскімі ўладамі для барацьбы з кантрабандай. Паводле яе слоў, барацьба з кантрабандай будзе весціся яшчэ больш актыўна.

Нагадаем, ЗША прыпынілі санкцыі ў дачыненні да беларускай калійнай галіны. Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі выдала ліцэнзію на ажыццяўленне аперацый з «Беларуськаліем», БКК і іх даччынымі структурамі. Пры гэтым Еўрапейскі саюз не адмяняў санкцыі ў дачыненні да беларускага калію, яго транзіт праз ЕС па-ранейшаму забаронены.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны