Ударная авіяносная група ЗША прыбыла ў Персідскі заліў. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разглядае ўсе варыянты дзеянняў супраць Тэгерана, аднак пакуль яшчэ прапануе рэжыму аятол заключыць здзелку. Пратэсты ў Іране практычна падаўленыя, але менавіта яны сталі «спускавым гачком» для ланцужка падзей, здольных прывесці да чарговага ўзброенага канфлікту ў рэгіёне.
Пратэсты як каталізатар
Масавыя пратэсты ў Іране пачаліся 28 снежня 2025 года на фоне высокай інфляцыі і рэзкага падзення нацыянальнай валюты. Першымі на вуліцы выйшлі прадпрымальнікі з Вялікага базару ў Тэгеране, але неўзабаве пратэсты ахапілі ўсю краіну. А эканамічныя патрабаванні змяніліся палітычнымі — звяржэнне рэжыму аятол.
Пік масавых выступленняў прыйшоўся на 8–9 студзеня — у гэтыя дні ў Іране было зафіксавана агульнанацыянальнае адключэнне інтэрнэту і тэлефоннай сувязі. Так улады спрабавалі перашкодзіць распаўсюджванню інфармацыі пра пратэсты і замінаць каардынацыі іх дзеянняў.
Паводле інфармацыі The New York Times са спасылкай на іранскіх чыноўнікаў, 9 студзеня вярхоўны лідар Ірана аятола Алі Хаменеі распарадзіўся падавіць пратэсты любымі сродкамі. Сілы бяспекі атрымалі загад страляць на паражэнне і не праяўляць літасці.
Як паведамілі Time два высокапастаўленыя чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя Ірана, толькі 8 і 9 студзеня на вуліцах іранскіх гарадоў маглі быць забітыя 30 000 чалавек. Паводле іх слоў, запасы мяшкоў для трупаў аказаліся вычарпанымі, а для перавозкі цел загінулых машыны хуткай дапамогі замянілі грузавыя паўпрычэпы.
Дакладная колькасць загінулых дагэтуль невядомая. 21 студзеня іранскія ўлады ўпершыню апублікавалі ўласныя звесткі. Згодна з МУС Ірана і Фондам па справах мучанікаў і ветэранаў — афіцыйнага органа, які займаецца справамі сем’яў загінулых у войнах, — падчас падаўлення пратэстаў загінулі 3117 чалавек. Але праваабаронцы сцвярджаюць — ахвяр значна больш. Базаваная ў ЗША іранская праваабарончая арганізацыя HRANA 26 студзеня пацвердзіла гібель як мінімум 5520 удзельнікаў пратэстаў і 209 сілавікоў, а даныя пра гібель яшчэ 17 091 чалавека ўсё яшчэ правяраюцца. Прынамсі 41 283 чалавекі былі арыштаваныя падчас падаўлення пратэстаў.
Іранскі досвед яшчэ раз дэманструе — без умяшання звонку пратэсты асуджаныя, наколькі б масавымі яны ні былі. Уласнымі сіламі звяргнуць рэжымы, гатовыя бязлітасна расстрэльваць уласных грамадзян дзеля ўтрымання ўлады, немагчыма.
«Я думаю, што рэжымы, у прыватнасці іранскі, зразумелі, што калі пачынаеш страляць людзям у галаву са снайперскіх вінтовак, гэта эфектыўна. Гэта працуе, і яны гэта зрабілі», — заявіў учора дзяржсакратар Марка Рубіё, выступаючы перад камітэтам па міжнародных адносінах Сената ЗША.
Хутчэй за ўсё, менавіта пратэсты сталі падставай для ЗША ў чарговы раз звярнуць увагу на пахіснуты рэжым аятол.
Дапамога звонку
13 студзеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў іранцаў працягваць пратэсты. «Дапамога ўжо ў дарозе», — заявіў ён у сацсетцы Truth Social.
Напярэдадні прэс-сакратар Белага дома Кэралайн Левіт паведамляла: Трамп разглядае ўсе магчымыя варыянты, у тым ліку авіяўдары па Іране. Аднак, паводле яе слоў, «для прэзідэнта першым варыянтам застаецца дыпламатыя». І «тое, што вы публічна чуеце ад іранскага рэжыму, адрозніваецца ад тых пасланняў, якія яго адміністрацыя атрымлівае па закрытых каналах».
15 студзеня Трамп заявіў, што атрымаў інфармацыю аб спыненні пакаранняў смерцю ў Іране. «Мы будзем назіраць і паглядзім, што будзе далей. Але нам далі вельмі добрае, вельмі добрае паведамленне ад людзей, якія дасведчаныя пра тое, што адбываецца», — сказаў ён, адказваючы на пытанне пра магчымую атаку Ірана.
У разгар пратэстаў дапамогі ад ЗША іранскія пратэстоўцы так і не дачакаліся. Да сярэдзіны студзеня жорсткімі рэпрэсіямі рэжыму аятол удалося ў асноўным падавіць масавыя выступленні. Вашынгтон жа на той момант абмежаваўся увядзеннем санкцый у дачыненні да высокапастаўленых прадстаўнікоў іранскіх уладаў і структур, задзейнічаных у падаўленні пратэстаў і адмыванні даходаў ад экспарту нафты і нафтахіміі.
Авіяносная дыпламатыя
Аднак 23 студзеня, вяртаючыся з Давоса, Трамп абвясціў, што накіраваў да берагоў Ірана вялікую колькасць ваенных караблёў — авіяносец «Abraham Lincoln» у суправаджэнні некалькіх эсмінцаў з ракетамі «Томагавк» на борце. Як паведамляецца, у дадатак да авіяноснай групы ў рэгіён накіраваныя і знішчальнікі F-15 і F-35, танкеры-запраўшчыкі і дадатковыя сістэмы супрацьпаветранай абароны.
Што менавіта прымусіла Трампа адмовіцца ад удару па Іране ці адкласці яго? Адказу на гэтае пытанне мы не ведаем, але можна меркаваць, што на рашэнне прэзідэнта ЗША, сярод іншага, магла паўплываць пазіцыя саюзнікаў на Блізкім Усходзе. Напрыклад, як паведамляе Axios, надзвычай занепакоеная патэнцыйнай рэгіянальнай вайной Саудаўская Аравія. Паводле звестак выдання, спадчынны прынц гэтай дзяржавы Мухамед бен Салман паабяцаў прэзідэнту Ірана Масуду Пезешкіяну, што Саудаўская Аравія не дазволіць ЗША выкарыстоўваць для нападу сваю паветраную прастору. А высокапастаўленыя саудаўскія чыноўнікі спрабуюць садзейнічаць дээскалацыі, узяўшы на сябе абмен паведамленнямі паміж ЗША і Іранам. Падобную ролю ўзялі на сябе Турцыя і Катар. Аднак, сцвярджае выданне, паўнавартасных перамоў паміж Вашынгтонам і Тэгеранам на дадзены момант не вядзецца.
Крыніцы Axios сцвярджаюць: канчатковага рашэння аб удары Трамп не прыняў дагэтуль. «Мы адкрытыя для здзелкі, калі Іран хоча гаварыць», — цытуе выданне прадстаўніка Белага дома. Паводле слоў амерыканскага чыноўніка, умовы ЗША неаднаразова перадаваліся Ірану ў мінулым годзе.
Між тым амерыканская авіяносная група на чале з «Abraham Lincoln» ужо прыбыла ў раён Персідскага заліва. Шэраг ваенных аглядальнікаў мяркуе, што неабходныя сілы для атакі Ірана ўжо сабраныя. Іншыя перакананыя — фарміраванне ўдарнай групы ЗША ў раёне Персідскага заліва завершыцца ў бліжэйшыя дні.
Трамп заявіў, што да берагоў Ірана прыбыў «больш буйны флот, <…> чым той, які быў накіраваны ў Венесуэлу».
Уран, ракеты, проксі
Якой жа здзелкі патрабуе Вашынгтон ад Тэгерана? Афіцыйныя асобы ЗША адзначаюць: яна павінна прадугледжваць вываз з Ірана ўсяго ўзбагачанага ўрану, забарону на яго ўзбагачэнне, абмежаванне іранскіх запасаў ракет вялікай далёкасці і адмову ад падтрымкі проксі — ліванскай «Хезбалы», еменскіх хусітаў і іншых. Іранскія пратэсты сярод агучаных патрабаванняў ніяк не фігуруюць, хаця іх фактар у Вашынгтоне, безумоўна, таксама ўлічваюць.
Іран, у сваю чаргу, абяцае адказаць на атаку. Паводле слоў дарадцы вярхоўнага лідара Ірана Алі Шамхані, удар у адказ будзе накіраваны супраць Ізраіля, шматлікіх ваенных баз ЗША ў краінах Блізкага Усходу, а таксама супраць усіх, хто падтрымае агрэсію. Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху прыгразіў даць адпор з сілай, «якую Тэгеран яшчэ не бачыў».
Тэгеран жа, асцерагаючыся канчаткова страціць твар, упарта ідзе ва-банк. Міністр замежных спраў Ірана Аббас Аракчы заявіў: калі ЗША хочуць весці перамовы, «яны павінны адмовіцца ад пагроз, празмерных патрабаванняў і ўзняцця неабгрунтаваных пытанняў».
І гэта ў корані супярэчыць пазіцыі Трампа, які патрабуе неадкладнай здзелкі. «Час заканчваецца», — напісаў прэзідэнт ЗША ўчора ў Truth Social. Гэта можна расцаніць як ультыматум Тэгерану.
Тандем занепакоеных
«Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі адзначылі недапушчальнасць замежнага ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў і выказалі надзею на як мага хутчэйшае ўрэгуляванне абстаноўкі ў Ісламскай Рэспубліцы Іран», — гаворыцца ў паведамленні МЗС Беларусі па выніках тэлефоннай размовы, якая адбылася 13 студзеня, міністраў замежных спраў Максіма Рыжанкова і Сяргея Лаўрова.
Крэмль вуснамі свайго прэс-сакратара Дзмітрыя Пяскова заклікаў ЗША і Іран адмовіцца ад ужывання сілавых метадаў і перайсці да перамоў.
Але далей выразаў занепакоенасці справа наўрад ці зрушыцца — ні ў Масквы, ні ў Мінска няма рэальных магчымасцяў дапамагчы свайму саюзніку Ірану ў выпадку, калі ЗША прымуць рашэнне нанесці ўдар.
Заўтра, у бліжэйшыя дні, ніколі?
Два амерыканскія чыноўнікі паведамілі Axios, што ў Вашынгтон прыбыў начальнік ізраільскай ваеннай выведкі генерал Шломі Біндэр, каб падзяліцца выведданымі аб магчымых цэлях у Іране.
Мяркуецца, што ў выпадку атрымання загаду на атаку цэлямі для ўдараў ВПС і ВМС ЗША могуць стаць ваенныя базы Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі Ірана (КВІР), ваенізаванай структуры «Басідж», якая знаходзіцца пад кантролем КВІР, аб’екты запуску і захоўвання балістычных ракет і элементы іранскай ядзернай праграмы.
Мабыць, ніхто сёння не возьмецца прадказаць, ці пойдуць ЗША на анансаваны ўдар па Іране. А калі так, то калі менавіта. Прагназаваць нешта складана, бо Трамп ужо паспеў стварыць сабе рэпутацыю мала прадказальнага палітыка. Аднак апытанне, праведзенае Politico, паказала: 65% выбаршчыкаў Трампа падтрымліваюць ваенныя дзеянні ЗША супраць хаця б адной з некалькіх краін, уключаючы Іран, Грэнландыю, Кубу, Калумбію, Кітай і Мексіку. Пры гэтым ваенную інтэрвенцыю супраць Ірана электарат Трампа падтрымлівае больш, чым любую іншую мэту — «за» выступаюць каля 50% апытаных. Меркаванне сваіх прыхільнікаў прэзідэнт ЗША цалкам можа ўлічыць.
Да таго ж, як заявіў дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа, іранскі рэжым сёння «верагодна, слабейшы, чым калі-небудзь». Гэты пункт гледжання, калі ён уласцівы і самому Трампу, і іншым уплывовым асобам у яго адміністрацыі, таксама здольны схіліць шалі на карысць ваеннага рашэння іранскай праблемы.
Іранскія пратэсты таксама нельга скідваць з рахункаў — не выключана, што ўдары ЗША справакаюць новы віток пратэстнай актыўнасці. Якую, пазбавіўшыся верных байцоў з шэрагаў КВІР і «Басідж», рэжым аятол можа ўжо не вытрымаць.
Падпішыцеся на наш тэлеграм-канал «Reform.news: Самае цікавае»
***
Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news
