Еўрасаюз сёння ўвёў санкцыі супраць Расіі. У санкцыйныя спісы ўключаны больш за 80 фізічных асоб і арганізацый, сярод іх не толькі расійскія кампаніі, але і кампаніі з трэціх краін, у тым ліку з Беларусі.
Пад санкцыі трапіла беларускае ТАА “Ізавак” і яго расійскае прадстаўніцтва ТАА «Інжынірынг Груп».
Як вынікае з абгрунтавання санкцый, “Ізавак” — распрацоўшчык і вытворца вакуумнага абсталявання, плёначных тэхналогій, іённых крыніц, тэхналогій магнетроннага распылення і адпаведнага праграмнага забеспячэння. Кампанія ўключана ў Рэестр ваенна-прамысловага комплексу Расіі. Разам з даччынымі кампаніямі яна паставіла расійскім абаронным прадпрыемствам тавары на суму каля 200 млн долараў.
У санкцыйныя спісы таксама ўключылі кампаніі “Лукойл – Заходняя Сібір”, “Газпромнефть шыпінг”, НВА імя С. А. Лавачкіна, Іжэўскі авіязавод, 18-ы Цэнтральны навукова-даследчы інстытут Мінабароны РФ, тэхнаполіс ЭРА, Прэзідэнцкі фонд культурных ініцыятыў. У спісы таксама дадалі кампаніі з Кітая і Турцыі.
У спісе фізічных асоб — генпракурор Аляксандр Гуцан, адвакат Павел Астахаў, мітрапаліт Сімферопальскі і Крымскі Ціхан, кіраўнікі “Растэха”, шэраг афіцэраў ФСБ.