Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разглядае ўсе варыянты дзеянняў у дачыненні да Ірана, у тым ліку авіяўдары, заявіла прэс-сакратар Белага дома Кэралайн Левіт журналістам.
«Прэзідэнт Трамп вельмі добры ў тым, што ён заўсёды разглядае ўсе магчымыя варыянты. Авіяўдары маглі б быць адным з многіх варыянтаў, якія знаходзяцца на стале ў галоўнакамандуючага. Для прэзідэнта першым варыянтам з’яўляецца дыпламатыя, як ён сказаў учора. Тое, што вы чуеце публічна ад іранскага рэжыму, адрозніваецца ад тых пасланняў, якія яго адміністрацыя атрымлівае па закрытых каналах. Думаю, прэзідэнт зацікаўлены ў вывучэнні гэтых пасланняў», — заявіла Левіт.
Левіт падкрэсліла, што Трамп не баіцца выкарыстоўваць ваенныя сродкі пры неабходнасці.
Раней Трамп заяўляў, што ваенныя ЗША назіраюць за падзеямі ў Іране і разглядаюць «некалькі вельмі сур’ёзных варыянтаў».
Маштабныя пратэсты ў Іране пачаліся ў канцы снежня на фоне пагаршэння эканамічнай сітуацыі і высокай інфляцыі. З 8 студзеня ў краіне адключаны інтэрнэт. Праваабарончая арганізацыя Iran Human Rights паведамляе пра не менш як 648 загінулых і больш за 10 тысяч затрыманых па стане на 12 студзеня.
