Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў на прэс-канферэнцыі са сваім беларускім калегам Максімам Рыжанковым заявіў, што назірае спробы ўбіць кліны паміж Масквой і Мінскам.
Кажучы пра сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, Лаўроў адзначыў, што была дадзена пазітыўная ацэнка ўзроўню расійска-беларускай знешнепалітычнай каардынацыі.
“Абмяняліся меркаваннямі па ключавых праблемах, якія стварае Захад не толькі вакол украінскага ўрэгулявання, ставячы палкі ў колы любым шчырым намаганням, але і нагнятаючы абстаноўку ў іншых частках еўрапейскага кантынента. У нас адзіная пазіцыя: мы саюзнікі, мы верныя нашым саюзніцкім абавязацельствам, бачым задумы тых, хто спрабуе шукаць разыходжанні ў нашых падыходах, убіваць кліны, як па-руску кажуць, і будзем працягваць тое, пра што дамовіліся і што ўхвалена нашымі народамі, — рух па ўмацаванні Саюзнай дзяржавы ва ўсіх яе вымярэннях — сацыяльным, эканамічным і, вядома ж, ваенным і ваенна-тэхнічным”, — сказаў ён.
Паводле слоў Лаўрова, сёння ў яго прайшлі насычаныя перамовы, але яшчэ ўчора ён працаваў з Рыжанковым больш за дзве гадзіны адразу пасля прыезду.
У сваю чаргу Рыжанкоў адзначыў, што праблем у адносінах з Масквой няма.
“Па выніках нельга вылучыць ніводнае праблемнае пытанне, вострую праблематыку, якую мы былі б вымушаныя абмяркоўваць”, — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.
Падчас прэс-канферэнцыі Лаўроў таксама закрануў тэму вайны з Украінай.
“У нас вельмі выразная пазіцыя. Мы выдатна разумеем той падыход, які прэзідэнт Лукашэнка выкладаў: Беларусь — наш саюзнік, але Беларусь у вайне не ўдзельнічае. Калі яе хочуць туды ўцягнуць, на гэта Аляксандр Рыгоравіч таксама ўжо адказваў: «Мала не падасца»”, — канстатаваў ён.