Будаўніцтва высакахуткаснай чыгункі Масква — Мінск стала адной з тэм даклада міністра транспарту РФ Андрэя Нікіціна Уладзіміру Пуціну. Апошні даў згоду на прапрацоўку гэтага праекта.
“Калі казаць пра расійскія дарогі, то самы эфектыўны маршрут — гэта ўчастак Масква — Ніжні Ноўгарад і далей да Казані. Гэта значыць, ён дае максімальны эканамічны прырост і эканамічны сэнс. Другі па цікавасці праект — гэта міжнародны праект Масква — Мінск, і далей ужо, адпаведна, ідуць усе астатнія праекты.
Таму з вашага дазволу дазвольце прыступіць да папярэдняй прапрацоўкі гэтых праектаў. Адпаведную просьбу я накірую”, — сказаў Нікіцін, перадае прэс-служба Крамля.
“Вядома”, — адказаў Пуцін.
“І нам добра было б у 2028–2029 гадах ужо вызначыцца, звесці фінансавую мадэль і пачаць рухацца далей”, — працягнуў міністр.
“Што тычыцца Масква — Мінск, мы з Аляксандрам Рыгоравічам неаднаразова гэта абмяркоўвалі, прэзідэнт Беларусі падтрымлівае, таму тут ніякіх адміністрацыйных цяжкасцяў не будзе”, — дадаў Пуцін.
“Уладзімір Уладзіміравіч, мы задзейнічаем, з вашага дазволу, Еўразійскі банк, каб пачаць гэтую работу сумесна як міжнародны праект. Тут будзем гэтае пытанне з Алегам Валянцінавічам Белазёравым пад кіраўніцтвам Віталя Генадзьевіча прапрацоўваць”, — сказаў Нікіцін.
Трэба адзначыць, што цяпер у Расіі будуецца магістраль паміж Масквой і Санкт-Пецярбургам. Яна павінна запрацаваць у 2028–2029 гадах. Толькі пасля гэтага планавалася пачаць будаўніцтва наступных участкаў. Пры гэтым мінскі напрамак у планах РЧ быў толькі чацвёртым па чарзе.
Між тым у красавіку гэтага года было заяўлена, што Мінтрансы Беларусі і Расіі створаць рабочую групу для разгляду прававых і тэхнічных аспектаў рэалізацыі праекта высакахуткасных чыгуначных зносін.