12 траўня ў Вільні (Літва) адкрыўся Інфармацыйны пункт Савета Еўропы для беларусаў. Гэта сумесная ініцыятыва Літвы і Савета Еўропы і першая пастаянная пляцоўка Савета Еўропы для беларусаў у выгнанні.
«Пункт стане месцам, дзе беларусы змогуць атрымліваць інфармацыю пра правы чалавека, праграмы падтрымкі, адукацыйныя і культурныя магчымасці, а таксама наладжваць супрацоўніцтва з еўрапейскімі інстытуцыямі», — паведамляе Офіс Святланы Ціханоўскай.
Інфармацыйны пункт размяшчаецца ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі Літвы. Плануецца, што пляцоўка будзе працаваць мінімум пяць гадоў.
«Я спадзяюся, што гэтае месца стане яшчэ адным цэнтрам для беларускіх ініцыятываў, пляцоўкай для навучання і крыніцай ведаў. Яно павінна быць адкрытым для кожнага беларуса і кожнай арганізацыі, якая шукае партнёрства, экспертызу і магчымасці, якія можа даць толькі Рада Еўропы.
Я хачу, каб гэтае месца стала платформай для супрацоўніцтва, дыялогу, адукацыі і салідарнасці. Спадзяюся, што яно дапаможа прыцягнуць больш увагі да Беларусі, мабілізаваць новыя рэсурсы і стварыць магчымасці для нашых таленавітых журналістаў, актывістаў, юрыстаў, праваабаронцаў, моладзі і жаночых ініцыятыў», — заявіла Святлана Ціханоўская на цырымоніі адкрыцця.
У адкрыцці ўдзельнічалі генеральны сакратар Савета Еўропы Ален Берсе, міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і беларускай грамадскасці.





