Аляксандр Лукашэнка сёння ўзгадніў Аляксандра Саковіча на пасаду генеральнага дырэктара ААТ «Беларускі металургічны завод — кіруючая кампанія холдынга «Беларуская металургічная кампанія».
Ён зменіць на чале БМЗ Дзмітрыя Корчыка, які кіраваў прадпрыемствам з сярэдзіны 2019 года. Да гэтага Саковіч працаваў на пасадзе начальніка ўпраўлення прамысловай палітыкі Апарата Саўміна. Раней ён таксама быў намеснікам дырэктара БМЗ.
Прызначаючы новага гендырэктара, Лукашэнка пацікавіўся працай іншых прадпрыемстваў холдынга, у які ўваходзяць Мінскі падшыпнікавы завод, «Палессеэлектрамаш», Магілёўскі металургічны завод і «Кобрынскі інструментальны завод «СІТОМА», а таксама філіял «Папаратнае-Агра».
«Яны ўсе дыхаюць нармальна, яны ў працоўным стане, ці там праблемы?» — спытаў ён.
«Яны ўсе працуюць, але ёсць шэраг праблем, якія неабходна будзе вырашаць», — адказаў Саковіч.
Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой заўважыў, што сітуацыя на БМЗ таксама патрабуе ўвагі, зніжаюцца аб’ёмы вытворчасці, у сілу шэрагу прычын давялося прымаць кіраўнічыя рашэнні.
«Ты ж разумееш, што скідкі тут ніякай не будзе. Тым больш — начальнік упраўлення ўрада. То-бок адказваеш у тым ліку і за гэты кірунак. І металургічны завод наш, БМЗ, — гэта вельмі сур’ёзнае прадпрыемства. І, дарэчы, не самае горшае было. Таму трэба вырабляць і прадаваць. Таму спасылак не павінна быць ніякіх. Па-мужчынску прыйшоў і пачаў працаваць. Глядзі, з кім працаваць, як працаваць — гэта ўжо твая справа», — сказаў Лукашэнка.