З СІЗА КДБ вызвалілі Аляксандра Яўдаху і Вацлава Багдановіча, затрыманых па справе кнігавыдаўцоў, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Яўдаха і Багдановіч знаходзяцца на волі. За кратамі застаюцца Дзмітрый Колас і дачка Вацлава Вікторыя Багдановіч.
Затрыманні сярод беларускіх выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў кніг прайшлі ў лютым.
Вацлаў Багдановіч — заснавальнік выдавецтва «Тэхналогія», якое выпускала кнігі з канца 1980-х гадоў. Праз некалькі дзён пасля рэйду сілавікоў выдавецтва абвясціла аб прыпыненні працы. Разам з Вацлавам Багдановічам затрымліваліся яго жонка і дзве дачкі.
3 сакавіка КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” «Кааліцыю друкаваных выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». Датычнымі да “фарміравання” былі названы Яраслаў Іванюк, Дзмітрый Колас, Ігар Логвінаў, Вацлаў Багдановіч, Андрэй Янушкевіч, Аляксандр Яўдаха.
