8 жніўня споўнілася б 100 гадоў Аляксандру Надсану (1926—2015) — выбітнаму беларускаму асветніку, грэка-каталіцкаму святару і заснавальніку Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане.
Аляксандр Надсан (прозвішча пры нараджэнні — Бочка) нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў Нясвіжскім раёне. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі.
Ваяваў на баку саюзнікаў: служыў у 2-м Польскім корпусе ў Італіі, дзе браў удзел у баявых дзеяннях і быў паранены. У 1946 годзе пераехаў у Вялікабрытанію і стаў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, рэдактарам яго часопісаў «Беларус на чужыне» і «На шляху». Быў адным са стваральнікаў Беларускага незалежніцкага народна-хрысціянскага руху.
Скончыў матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэта. Пазней пачаў вучыцца ў Грэцкай калегіі ў Рыме, каб служыць свайму народу духоўна. У 1958 годзе атрымаў свячэнні святара ўсходняга абраду. Вярнуўся ў Вялікабрытанію. Працаваў выкладчыкам матэматыкі ў Нотынгеме і ажыццяўляў душпастырскую дзейнасць у Цэнтральнай і Паўночнай Англіі. Ад 1961 года стаў адным з кіраўнікоў беларускай школы імя Кірылы Тураўскага ў Лондане.
Ад 1971 года кіраваў Беларускай бібліятэкай-музеем імя Францыска Скарыны. У 1981 годзе стаў на чале Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі, пазней быў прызначаны на пасаду апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў у замежжы. Стваральнік і кіраўнік Камітэта дапамогі ахвярам Чарнобыля.
Пра святарства пісаў, што «гэта першасная мая іпастась, ідэнтычнасць, я выбраў гэта».
Аднак для многіх ён быў найперш беларусістам-даследчыкам. Лонданскі прафесар Арнольд Макмілін казаў пра Надсана, што «ён быў найвялікшым беларусістам стагоддзя», – згадвае Уладзіслаў Гарбацкі, які падрыхтаваў кнігу пра Надсана ў лонданскім выдавецтве «Скарына Press”.
Надсана называлі «пунктам зборкі беларускасці па-за межамі Беларусі».
Ён выканаў шматлікія пераклады літургічных тэкстаў на беларускую мову, быў глыбокім даследчыкам гісторыі беларускай царквы і культуры. Збіраў беларускія кнігі, даследаваў беларускую кніжную традыцыю, літаратуру, гісторыю, гісторыю царквы.
Людзі з любых краін свету і любых кантынентаў, якім патрэбныя былі звесткі пра Беларусь, ехалі ў Скарынаўскую бібліятэку.
У савецкі час ён дапамагаў беларускаму самвыдату, стварыўшы каналы перадачы рукапісаў на Захад, дзе яны друкаваліся. Напрыклад, такім чынам быў апублікаваны вядомы тэкст «Ліст да расейскага сябра» Аляксея Каўкі – эсэ беларускага гісторыка пра русіфікацыю.
Ён адкрываў Беларусь для шырокага свету і прыцягнуў да беларускай справы вялізную колькасць людзей.
«Мы збіралі дзе маглі звесткі пра Беларусь. Выдавалі па-ангельску часопіс беларускіх даследаванняў («The Journal of Belarusian studies»), але цяпер крыху пастарэлі-параз’ехаліся — ужо цяжка. Па-ангельску шмат што рабілася. Рабіліся канферэнцыі. І не аднадзённыя, а на некалькі дзён, куды прыязджалі навукоўцы-славісты з усяго свету: Францыі, Амерыкі, Аўстраліі, на апошняй вось былі і з Беларусі. Зрабілі каля 15 канферэнцый. Цяпер вось маладыя часопіс адраджаюць. Мы не займаліся сучаснай палітыкай, але культурай: гісторыяй, літаратурай, мовай», – казаў Аляксанд Надсан у інтэрв’ю «Будзьме».
«Ён адзіны рабіў гэтулькі, колькі не зрабілі цэлыя інстытуты. Да прыкладу, заставаўся бібліятэкарам бібліятэкі імя Францішка Скарыны, якую ён складаў і рабіў зь яе адзін вялікі інтэлектуальны Цэнтар дасьледаваньня Беларусі па-за межамі Беларусі, – пісала пра айца Надсана даследчыца Ірына Дубянецкая.
– Займаўся скарыназнаўствам, зрабіў некалькі навуковых адкрыцьцяў у гэтай галіне і значна паўплываў на скарыназнаўства. Ён вельмі добра ведаў беларускую кніжную традыцыю і добра ведаў усю гісторыю друку: калі і якія былі друкарні, што і як выдавалася па-беларуску. Таксама дасьледаваў беларуска-татарскія выданьні, калі беларускія тэксты пісаліся арабскімі літарамі. Ён сам расчытваў гэтыя тэксты, дасьледаваў іх, пісаў пра іх у замежным друку і зацікавіў гэтым міжнародную супольнасьць.
Ён добра ведаў беларускую гісторыю: глыбока дасьледаваў малітоўную традыцыю Кірылы Тураўскага, гісторыю беларускай царквы 20 стагодзьдзя, якая да яго не вывучалася і не дасьледавалася. У яго былі вялікія працы пра Магдалену Радзівіл і яе адносіны зь беларускай Усходне-каталіцкай царквой, пра Друйскі кляштар марыянаў, а таксама пра Чэслава Сіповіча — значную асобу беларускай гісторыі, які быў першым беларускім каталіцкім біскупам у ХХ стагодзьдзі і зь якім яны былі вельмі добра знаёмыя…
Усе абсалютна людзі на Захадзе, якія прафэсійна займаліся беларусістыкай альбо цікавіліся Беларусьсю, абавязкова траплялі да айца Аляксандра ў Лёнданскі цэнтар, і кожнаму ён дапамагаў».
Айцец Аляксандар Надсан памёр 15 красавіка 2015 года. Пахаваны ў Лондане на могілках святога Панкрата.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
