У сеціве з’явіўся адукацыйны курс «Уводзіны ў захаванне, рэстаўрацыю і сумеснае кіраванне культурнай спадчынай». Праект распрацаваны Беларускім Інстытутам Спадчыны спецыяльна для платформы learn4belarus.online.
Курс, які існуе ў тэкставы і аўдыяфармаце, дапамагае разабрацца ў ролі спадчыны для фармавання супольнай памяці, ідэнтычнасці і культурнай разнастайнасці. Аўтары праграмы найперш арыентуюцца на прадстаўнікоў лакальных ініцыятыў і арганізацый, аднак матэрыял будзе карысны ўсім, хто бачыць у спадчыне рэсурс для грамадскага развіцця, сацыяльнага яднання і эканамічнага росту.
З чаго складаецца курс?
Праграма курса налічвае 39 урокаў, падзеленых на 5 тэматычных блокаў. Навучанне пачынаецца з асэнсавання сувязі супольнасці з ландшафтам і ідэнтычнасцю, пасля чаго ўдзельнікі пераходзяць да занурэння ў захаванне матэрыяльнай спадчыны.
-
Модуль 1: Прырода – Спадчына – Ідэнтычнасць (8 урокаў)
-
Модуль 2: Захаванне матэрыяльнай культурнай спадчыны (7 урокаў)
-
Модуль 3: Рэстаўрацыйная практыка і грамадскі ўдзел (6 урокаў)
-
Модуль 4: Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны (13 урокаў)
-
Модуль 5: Сумеснае кіраванне спадчынай: прынцыпы і механізмы (5 урокаў)
Важна дадаць, што аудыяверсію ўрокаў агучваюць артысты незалежнай творчай групы “Вольныя Купалаўцы”.
Курс дае структуру і інструменты, неабходныя для працы з культурнымі праектамі ў сучасных умовах. Праграма ўжо даступная на платформе learn4belarus.online – яна адкрываецца пры націсканні на кнопку “Пачаць курс”.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
