Віктар Бабарыка заявіў аб стварэнні свайго новага праекта — Belarus Network. Ён будзе займацца вырашэннем праблем беларусаў унутры краіны, праблем дыяспары і агульных праблем для тых, хто застаўся ў Беларусі і хто з’ехаў.
Бабарыка заявіў, што разам з камандай вывучыў, што было створана за 6 гадоў, і прыйшоў да высновы, што неабходны новы інструмент.
«Мы шукалі не слабыя месцы — мы шукалі пункты росту. Глядзелі, дзе людзі атрымліваюць рэальную карысць, дзе ўжо ёсць гатовыя і працуючыя рашэнні, дзе рэсурсы, якія выдзяляюцца, працуюць эфектыўна, дзе ёсць добрыя праекты, добрыя ідэі і добрыя людзі і насамрэч месцы, дзе ўсё гэта губляе сілу. Гэта адбываецца таму, што паміж імі няма сувязі», — расказаў Бабарыка.
Ён называе новую ініцыятыву мостам, які будзе аб’ядноўваць людзей з рэсурсамі і магчымасцямі з тымі, хто «вырашае канкрэтныя праблемы беларусаў».
«Тры прыярытэты працы, якія ў нас ужо дакладна акрэслены. Мы павінны вырашаць праблемы беларусаў унутры краіны. Мы павінны вырашаць праблемы, агульныя для тых, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі і за яе межамі. І мы павінны максімальным чынам дапамагаць вырашаць праблемы тым, хто знаходзіцца па-за Беларуссю, гэта значыць праблемы дыяспары.
Belarus Network — гэта не праект выключна пра эміграцыю. Гэта інструмент для беларусаў і для Беларусі», — патлумачыў Бабарыка.
Belarus Network будзе будавацца на трох прынцыпах: бяспека ўдзельнікаў, празрыстасць і вынік для людзей.
Цяпер ініцыятыва знаходзіцца на стадыі падбору каманды і партнёраў. Выпрацоўваюцца крытэрыі, паводле якіх будуць адбірацца праекты і будавацца праца з партнёрамі.
Паводле слоў Бабарыкі, пачатковы склад каманды і партнёры па некаторых напрамках ужо ёсць. Таксама атрыманы першапачатковыя сродкі для праекта.
Belarus Network шукае ў каманду людзей з кампетэнцыямі.
«Нам патрэбныя партнёры з рэсурсам. Тыя, хто гатовы разам з намі паглядзець на аптымізацыю і забяспечыць эфектыўнасць выкарыстання тых рэсурсаў, якія сёння накіроўваюцца на падтрымку беларускага напрамку. …Нам патрэбныя арганізацыі-партнёры. Тыя, хто падзяляе нашы прынцыпы і гатовы ўбудоўвацца ў партнёрства, застаючыся самімі сабой», — заявіў Бабарыка.
Ён папрасіў звяртацца з пытаннямі і прапановамі ў свой асабісты акаўнт у Facebook.
Бабарыка таксама расказаў, чым будзе займацца «для забеспячэння ўласнага жыцця». Ён стварыў кансалтынгавую кампанію.
«Яе асноўная праца — выкарыстанне інструментаў штучнага інтэлекту для трансфармацыі кампаній малога і сярэдняга бізнесу, а таксама для перабудовы асабістага жыцця і працы. Гэта мая ўласная справа», — расказаў ён.
