Грамадзяніна Беларусі Максіма Сільнікава прыгаварылі ў ЗША да 16 гадоў пазбаўлення волі за кібермахлярства. За дзейнасцю беларуса і яго сеткай сачылі з 2015 года. Ён лічыўся адным з самых прадуктыўных рускамоўных хакераў у свеце.
40-гадовы Сільнікаў прызнаны вінаватым у змове з мэтай учынення злачынстваў супраць ЗША, змове з мэтай учынення махлярства з выкарыстаннем электронных сродкаў сувязі і крадзяжы асабістых даных пры абцяжарваючых абставінах, паведамляе пракуратура Усходняй акругі Вірджыніі.
Як паведамляе пракуратура, беларус быў стваральнікам і адміністратарам праграмы-вымагальніка Ransom Cartel, створанай у 2021 годзе. Ён сядзеў на рускамоўных хакерскіх форумах як мінімум з 2005 года, а з 2011 па 2016 год быў удзельнікам сайта кіберзлачынцаў Direct Connection, закрытага пасля арышту яго адміністратара.
«Пачынаючы з мая 2021 года Сільнікаў разгарнуў дзейнасць па распаўсюджванні праграм-вымагальнікаў і пачаў вербаваць удзельнікаў на форумах, прысвечаных кіберзлачыннасці. У розных выпадках Сільнікаў распаўсюджваў сярод удзельнікаў Ransom Cartel інфармацыю і інструменты, у тым ліку звесткі пра ўзламаныя камп’ютары, такія як скрадзеныя ўліковыя даныя, а таксама інструменты, прызначаныя для шыфравання або «блакіроўкі» ўзламаных камп’ютараў», — паведамляе пракуратура.
Паводле даных следства, з 2021 па 2023 гады Сільнікаў і Ransom Cartel ажыццявілі атакі мінімум на 18 кампаній па ўсім свеце, у тым ліку ў ЗША. Хакеры выкрадалі даныя і патрабавалі грашовыя выплаты ў абмен на ключ для разблакіроўкі выкрадзеных даных альбо за абяцанне не публікаваць даныя ахвяры.
Дзейнасць Ransom Cartel была спынена ў ліпені 2023 года пасля арышту Сільнікава. Яго затрымалі ў Іспаніі, а ў 2024 годзе экстрадзіравалі з Польшчы ў ЗША.
Паводле інфармацыі «Белпола», Сільнікаў вучыўся ў мінскай гімназіі №5, а затым у БНТУ, працаваў у кампаніі «ТэхнаТрансВарыянт». Ён быў у вышуку за ўхіленне ад прызыву. З Беларусі з’ехаў у 2013 годзе.
