У пераліку “экстрэмісцкіх фарміраванняў”, які вядзе МУС, з’явілася новая пазіцыя.
“Экстрэмісцкім фарміраваннем” прызнана “Кааліцыя друкаваных выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». Рашэнне было прынята КДБ 3 сакавіка.
У сувязі з фарміраваннем у пераліку згадваюцца Яраслаў Іванюк, Дзмітрый Колас, Ігар Логвінаў, Вацлаў Багдановіч, Андрэй Янушкевіч, Аляксандр Яўдаха. У яго таксама дададзены сайты і сацыяльныя сеткі выдавецтваў.
Нагадаем, у лютым у Мінску прайшлі масавыя затрыманні выдаўцоў і распаўсюднікаў кніг. Пазней “экстрэмісцкім фарміраваннем” было прызнана выдавецтва Gutenberg Publisher.
Абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца беларускімі ўладамі для барацьбы з апанентамі, а таксама пераследу іншадумства ў цэлым.
