Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка лічыць, што найбольш эфектыўным механізмам прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за садзейнічанне расійскай агрэсіі супраць Украіны застаецца расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда. Пра гэта ён заявіў 7 жніўня на спецыяльным мерапрыемстве канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, прысвечаным ролі Беларусі ў вайне супраць Украіны.
Гаворачы пра шляхі прыцягнення рэжыму, ён нагадаў пра нядаўні зварот заснаванага Валерыем Цапкалам Форуму дэмакратычных сіл Беларусі ў Офіс прэзідэнта Украіны з просьбай распачаць крымінальную справу супраць Лукашэнкі. Латушка адзначыў, што асобная крымінальная вытворчасць па фактах незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь ужо вядзецца, таму ініцыяваць новую справу не бачыць сэнсу.
«Калі мы гаворым пра крымінальную справу па ваенных злачынствах, якім з’яўляецца незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Украіны ў Беларусь і іх наступная індактрынацыя, то гэтая крымінальная справа ўжо існуе, і звяртацца з такой ініцыятывай не было сэнсу. (…)
У 2023 годзе, пасля таго як Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадало — і я асабіста прысутнічаў на гэтай сустрэчы — намесніку пракурора Міжнароднага крымінальнага суда дзве камунікацыі па фактах незаконнага вывазу ў Беларусь не менш за 3,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей і іх наступнай індактрынацыі, сярод якіх былі дзеці-сіроты, супрацоўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення былі запрошаны генеральным пракурорам Украіны і ў рамках гэтай крымінальнай справы, у адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам Украіны, мы перадалі гэтыя матэрыялы і далі адпаведныя паказанні падчас правядзення гэтага следства.
Гэтая справа не распачата персанальна ў дачыненні да Лукашэнкі, і, у прынцыпе, у гэтым няма сэнсу, паколькі ўжо існуе справа, якую вядзе пракурор Міжнароднага крымінальнага суда», — заявіў палітык.
На яго думку, абвінавачанне ў генацыдзе ў дачыненні да Лукашэнкі даказаць будзе значна складаней. Калі для гэтага будуць сабраны неабходныя доказы, Латушка заявіў, што падтрымае такую ініцыятыву.
«З пункту гледжання генацыду нават Пуціну яшчэ не прад’яўлена такое абвінавачанне. Сказаць шчыра, я за тое, каб Лукашэнка панёс адказнасць у поўным аб’ёме. Даказаць, што Лукашэнка адказны за генацыд, будзе даволі цяжка. Але калі сабраць доказы, я буду толькі за», — адзначыў ён.
На думку Латушкі, расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда з’яўляецца найбольш дзейсным інструментам, паколькі ў яго рамках не дзейнічаюць ні персанальны, ні функцыянальны імунітэт Лукашэнкі. Ён таксама адзначыў, што, паводле наяўнай інфармацыі, пракурор Міжнароднага крымінальнага суда ўжо расследуе гэтыя факты, выкарыстоўваючы матэрыялы, перададзеныя НАУ і Ельскім універсітэтам.
Латушка таксама расказаў пра працу па стварэнні Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны. Ён нагадаў, што пагадненне паміж Саветам Еўропы і Украінай было падпісана ў чэрвені 2025 года, а да цяперашняга часу ўстаноўчыя дакументы трыбунала падпісалі ўжо 36 дзяржаў і Еўрапейская камісія. Цяпер ідзе працэс ратыфікацыі, пасля якога павінен пачаць працу кіруючы камітэт, які зоймецца фарміраваннем суда, прызначэннем суддзяў, пракурораў і стварэннем сакратарыята.
Паводле ацэнкі Латушкі, паўнавартасная праца трыбунала можа пачацца ў 2027 годзе. Ён падкрэсліў, што Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, BELPOL і iSANS збіраюць доказы, якія разлічваюць перадаць следству пасля пачатку яго працы.
Кіраўнік НАУ таксама паведаміў, што падчас нядаўняга візіту Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета ў Кіеў была дасягнута дамоўленасць аб перадачы новых доказаў Міністэрству замежных спраў і Генеральнай пракуратуры Украіны па меры іх атрымання.
Гаворачы пра расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці, Латушка падзякаваў уладам Літвы за супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы матэрыялаў для МКС і паведаміў, што беларускія дэмсілы таксама звярнуліся да ўкраінскага боку з просьбай разгледзець магчымасць далучэння да гэтага расследавання.
