88% літоўцаў і 91% палякаў задаволеныя жыццём у сваіх краінах. Еўрабарометр публікуе даныя восеньскай хвалі свайго стандартнага пытання. Сярэдні паказчык задаволенасці жыццём у краінах ЕС складае 86%. У Літве паказчык задаволенасці ўпершыню перавысіў сярэднееўрапейскае значэнне.
Літва
Асноўнай праблемай падчас апытання жыхары Літвы назвалі інфляцыю (39%), далей ідуць абарона і бяспека (26%), а таксама ўварванне Расіі ва Украіну (20%).
Функцыянаваннем дэмакратыі ў Літве задаволеныя 55% жыхароў, крыху больш, чым у сярэднім па ЕС (54%). Большая частка літоўцаў (86%) лічыць, што пагрозу дэмакратыі ў Літве ўяўляе дэзінфармацыя.
ЕС давяраюць 66% жыхароў Літвы. У сярэднім гэты паказчык па саюзе складае 48%.
73% рэспандэнтаў у Літве добра ацанілі стан эканомікі.
Ваенную дапамогу Украіне падтрымліваюць 77% жыхароў Літвы (сярэдні паказчык па ЕС — 57%). Фінансавую дапамогу Украіне падтрымліваюць 85% літоўцаў, за эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Расіі выказваюцца 82% жыхароў Літвы, сяброўства Украіны ў ЕС падтрымлівае 71% жыхароў Літвы.
Польшча
У Польшчы таксама найбольш важнай праблемай застаецца рост цэн. Інфляцыю згадалі 28% апытаных (31% у сярэднім па саюзе), на другім месцы — пытанні абароны і бяспекі (24%), далей ідзе ўварванне РФ ва Украіну (17%). Варта адзначыць, што стаўленне да пытанняў абароны і бяспекі, а таксама расійска-ўкраінскай вайны адрознівае Літву і Польшчу ад многіх іншых краін ЕС. Гэтыя тэмы хвалююць палякаў і літоўцаў прыкладна ў два разы больш, чым у сярэднім па саюзе.
Еўрапейскаму саюзу давяраюць 59% жыхароў Польшчы.
Задаволенасць узроўнем дэмакратыі ў краіне выказалі 76% апытаных.