Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што з 22 чэрвеня рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі, якія расійскія войскі выкарыстоўвалі для карэкціроўкі ўдараў па Украіне, больш не працуюць. Пры гэтым ён адзначыў, што пацверджанай інфармацыі пра дэмантаж сістэм пакуль няма. Пра гэта ўкраінскі лідар заявіў на брыфінгу для журналістаў.
“Добры дзень, паважаныя журналісты! У вас вельмі шмат пытанняў наконт Беларусі: што адбываецца, што з рэтранслятарамі, працуюць яны ці не? Паводле наяўнай у мяне інфармацыі, пра якую мне далажылі галоўнакамандуючы, а таксама разведка, з 22 чэрвеня адпаведныя рэтранслятары спынілі сваю працу на тэрыторыі Беларусі. Дэмантавалі іх ці не, я, шчыра кажучы, пакуль не ведаю. Але мы працуем над гэтым, я вельмі ўважліва за гэтым сачу і штодня атрымліваю даклады. Факт у тым, што на сённяшні дзень рэтранслятары не працуюць”, — сказаў прэзідэнт.
Нагадаем, 19 чэрвеня прэзідэнт Украіны даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень для таго, каб адключыць рэтранслятары для расійскіх дронаў, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку Украіна знішчыць іх сама.