Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень, каб адключыць абсталяванне для навядзення расійскіх дронаў.
«На вежах стаяць рэтранслятары. Расійскія рэтранслятары, беларускія — якая нам розніца? На яго тэрыторыі, уздоўж дзвюх абласцей, што мяжуюць з Украінай, знаходзіцца тэхніка, якая карэктуе агонь па ўкраінскім насельніцтве. Менавіта па насельніцтве. Там цяпер няма такога актыўнага фронту, дзе Украіна і Беларусь, забіваюць там мірных жыхароў. Там знаходзяцца рэтранслятары на адпаведных вежах.
Ён можа гэта прыбраць? Навошта словы, што ён не хоча вайны? Няхай прыбярэ гэтую тэхніку, няхай адключыць гэтую тэхніку. Я думаю, яму тыдня будзе дастаткова, каб гэта зрабіць. Чаму я кажу пра тыдзень? Таму што цяпер кожны дзень з-за гэтага гінуць нашы мірныя жыхары, атрымліваюць раненні дзеці. Калі ён гэтага не зробіць, зробім мы», — заявіў Зяленскі на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Гандураса Насры Асфурам у пятніцу ў Кіеве.
Зяленскі таксама адрэагаваў на прабачэнні Лукашэнкі перад ім.
«Бяспека на мяжы для нас вельмі важная. Ён выдатна разумее, мы дарослыя людзі, праўда? Ніхто не крыўдуе проста на словы, на асабістыя словы. Калі гэта абраза маёй краіны — мы будзем крыўдаваць і не забудзем. А калі гэта нейкія асабістыя рэчы — папрасіў прабачэння, і дзякуй богу, скажам так», — сказаў Зяленскі.
«Іншая справа, калі спадар Лукашэнка кажа, што ён не хоча быць уцягнутым у гэтую вайну. Тут ён павінен быць сумленным прынамсі перад сваім народам, таму што гэта не ён можа быць уцягнуты ў вайну. Гэта можа быць уцягнута ўся яго краіна, уцягнута Расіяй. Яны займаюцца гэтым з першых дзён гэтай вайны. Гэта факт.
Калі пачалася поўнамаштабная вайна, нас атакавалі ракеты, былі забітыя дзеці, дарослыя, і вы гэта ведаеце. Вялікая колькасць ракет ляцела з Беларусі, з яго краіны. І тады ён таксама тэлефанаваў, прасіў прабачэння і казаў, што ён гэтага не кантраляваў, Расія дзейнічала на сваёй тэрыторыі. Безумоўна, я ў гэта не веру. Але ён ужо казаў пра гэта.
Цяпер Расія будзе працягваць падштурхоўваць яго да гэтай вайны. Цяпер ён разумее, што Украіна будзе адказваць. Таму не трэба лішніх слоў», — заявіў Зяленскі.