У Беларусі з 1 верасня набудуць моц новыя правілы арганізацыі харчавання школьнікаў. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.
Згодна з дакументам, пры аднаразовым харчаванні ўводзіцца адзіны фармат прыёму ежы. Для вучняў першай змены ён будзе называцца другім сняданкам, для другой змены — падвячоркам. У яго ўвойдуць тры стравы: салата, гарачая страва і напой.
Таксама змяняюцца падыходы да прымянення натуральных нормаў і складання прыкладных рацыёнаў пры адна- і двухразовым харчаванні. Ва ўрадзе адзначаюць, што гэта дазволіць аператыўней карэктаваць меню з улікам пераваг школьнікаў.
Акрамя таго, змяняецца сістэма размеркавання вучняў па ўзроставых групах. Замест дзвюх катэгорый ад 6 да 10 гадоў і ад 11 да 18 гадоў будуць выкарыстоўвацца тры: вучні 1–5-х, 6–8-х і 9–11-х класаў. Сцвярджаецца, што гэта дазволіць больш дакладна ўлічваць узроставыя фізіялагічныя патрэбы дзяцей.
З 1 верасня грашовыя нормы расходаў на харчаванне павялічацца на 5%. Надалей яны будуць штогод індэксавацца з улікам змянення рознічных цэн на прадукты.
Пастанова таксама пашырае пералік прадуктаў, дазволеных для школьнага харчавання. У яго ўключаны гатовыя мясныя, рыбныя, мучныя, агароднінныя і іншыя паўфабрыкаты, якія адпавядаюць патрабаванням да дзіцячага харчавання. Адначасова адмяняюцца абмежаванні на выкарыстанне хлебабулачных вырабаў, сала і мясных паштэтаў.
Акрамя таго, у школьных буфетах дазволяць усталёўваць вендынгавыя аўтаматы з прадуктамі харчавання і напоямі, дазволенымі для дзяцей, пераважна беларускіх вытворцаў.
