Майскія сумесныя расійска-беларускія вучэнні, якія афіцыйна пазіцыянаваліся як трэніроўка сіл нестратэгічнага ядзернага стрымлівання, у частцы беларускіх штурмавікоў Су-25, імаверна, насілі хутчэй дэманстрацыйны характар. Да такой высновы прыйшлі аналітыкі амерыканскага Foreign Policy Research Institute, якія вывучылі спадарожнікавыя здымкі, фота і відэазапісы вучэнняў.
На думку аўтараў даследавання, беларускія Су-25 сапраўды бралі ўдзел у мерапрыемствах, аднак прыкмет паўнавартаснай адпрацоўкі прымянення тактычнай ядзернай зброі выявіць не ўдалося.
Вучэнні прайшлі не ў Лідзе
Як адзначаецца ў даследаванні, ў 2024 годзе аналагічныя вучэнні праходзілі на аэрадроме Ліда, дзе базуецца 116-я гвардзейская штурмавая авіяцыйная база — асноўнае месца дыслакацыі беларускіх Су-25.
Аднак аналіз відэазапісаў цяперашніх вучэнняў паказаў, што яны праводзіліся ў іншым месцы. Аналітыкі параўналі канфігурацыю рулёжных дарожак, навакольны ландшафт і спадарожнікавыя здымкі беларускіх аэрадромаў і прыйшлі да высновы, што самалёты знаходзіліся на запасным аэрадроме Бабруйск.

Паводле аўтараў, спадарожнікавыя здымкі сведчаць, што тры Су-25 прыбылі туды ў перыяд паміж 16 і 19 мая, а пакінулі аэрадром паміж 21 і 23 мая — менавіта ў меркаваныя тэрміны правядзення вучэнняў.
Акрамя самалётаў, на аэрадром была перакінута дадатковая тэхніка, уключаючы верталёт і дапаможныя машыны, што, на думку даследчыкаў, сведчыць пра часовае разгортванне падраздзялення на запасной пляцоўцы.
Макеты самалётаў і запасны аэрадром
Яшчэ адной асаблівасцю вучэнняў аналітыкі называюць выкарыстанне ілжывых мэт.
На спадарожнікавых здымках яны выявілі некалькі аб’ектаў у ахоўных сховішчах, якія, паводле іх ацэнкі, з’яўляюцца макетамі Су-25. Пра гэта сведчаць адрозненні ў колеры, адсутнасць характэрных ценяў і менш выразныя абрысы ў параўнанні з сапраўднымі самалётамі.
Аўтары лічаць, што такія макеты прызначаныя для ўвядзення ў зман спадарожнікавай разведкі і высокадакладнай зброі праціўніка.
На іх думку, перабазаванне авіяцыі на запасны аэрадром, а таксама выкарыстанне ілжывых мэт сведчаць пра тое, што Беларусь надае асаблівую ўвагу павышэнню жывучасці сваёй тактычнай авіяцыі ва ўмовах магчымага канфлікту.
«Ядзерныя» толькі паводле назвы
Галоўная выснова даследавання датычыцца непасрэдна ядзернага складніка вучэнняў.
Аўтары параўналі фатаграфіі вучэнняў 2024 і 2026 гадоў. Калі два гады таму пад крыламі Су-25 былі падвешаныя буйныя вучэбныя боепрыпасы, якія маглі імітаваць ядзерныя авіябомбы (хоць і гэта не пацверджана), то падчас цяперашніх вучэнняў самалёты неслі значна больш кампактныя вырабы.


Паводле памераў і формы яны, як адзначаюць аналітыкі, не адпавядаюць вядомым расійскім нестратэгічным ядзерным боепрыпасам.
«Мы ўпэўненыя, што гэтыя невялікія аб’екты не з’яўляюцца вучэбнымі макетамі ядзернай зброі. Як і астатняя частка ўдзелу Беларусі ў гэтых вучэннях, эпізод з Су-25 быў “ядзерным” толькі паводле назвы», — гаворыцца ў даследаванні.
Пры гэтым аўтары не выключаюць, што і падчас вучэнняў 2024 года на самалётах маглі знаходзіцца зусім не вучэбныя макеты ядзерных боепрыпасаў, а звычайныя авіябомбы або іх імітатары.
Сродкі радыёэлектроннай барацьбы
Яшчэ адной асаблівасцю цяперашніх вучэнняў стала абсталяванне Су-25 кантэйнерамі радыёэлектроннай барацьбы.
Паводле ацэнкі аналітыкаў, гаворка ідзе пра беларускія кантэйнеры сямейства Talisman, распрацаваныя кампаніяй Defense Initiatives LLC («Абарончыя ініцыятывы»). Такія сістэмы прызначаныя для супрацьдзеяння кіраваным ракетам класа «паветра — паветра» з дапамогай пастаноўкі перашкод і стварэння ілжывых мэт.
Даследчыкі лічаць, што выкарыстанне гэтых комплексаў таксама сведчыць пра імкненне павысіць жывучасць самалётаў у сучасным баі.
Дэманстрацыя гатоўнасці
Аўтары даследавання мяркуюць, што асноўная задача беларускай авіяцыйнай часткі «ядзерных» вучэнняў заключалася не ў практычнай падрыхтоўцы да прымянення нестратэгічнай ядзернай зброі, а ў дэманстрацыі гатоўнасці выконваць адпаведныя задачы і ў адпрацоўцы мер па захаванні баяздольнасці авіяцыі.
Пры гэтым аналітыкі адзначаюць, што нават з улікам рассейвання самалётаў, выкарыстання запасных аэрадромаў, ілжывых мэт і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы Су-25 застаюцца машынамі, распрацаванымі каля сарака гадоў таму, а таму іх эфектыўнасць ва ўмовах сучаснай эшаланаванай супрацьпаветранай абароны застаецца прадметам сумневу.






