Намеснік міністра — каардынатара польскіх спецслужбаў генерал Радаслаў Куява стаў госцем праекта «Didaskalia». Падчас размовы суразмоўцы неаднаразова закраналі праблематыку польска-беларускіх адносін. Як польская разведка ацэньвае ўзровень пагрозы з боку беларускага КДБ, ці кантактуюць спецслужбы дзвюх краін і як праходзілі перамовы аб вызваленні Анджэя Пачобута?
На думку Радаслава Куявы, найбольшую пагрозу для бяспекі Польшчы ўяўляе агрэсіўная палітыка Расійскай Федэрацыі, і ў значна меншай ступені — Беларусь.
«Расія — дзяржава, якая сапраўды разглядае ваенныя рашэнні як сродак дасягнення палітычных мэт. Беларусь у гэтым кантэксце нам не пагражае, а галоўнай задачай беларускіх спецслужбаў з’яўляецца абарона дзейнай улады.
Па гэтай прычыне яны разглядаюць нас як пагрозу з боку найбуйнейшага суседа з Еўрапейскага саюза і НАТА. У гэтым кантэксце яны лічаць пагрозай беларускую дыяспару на тэрыторыі як Польшчы, так і ўсёй Еўропы», — адказаў Радаслаў Куява.
Беларускі КДБ небяспечны для Польшчы, робіць выснову Куява, але не больш небяспечны за расійскія структуры.
Тым не менш гэтая сітуацыя, на думку намесніка міністра — каардынатара польскіх спецслужбаў, патрабуе ад польскага кіраўніцтва пэўных рашэнняў.
«З пункту гледжання функцыянавання нашых дзвюх дзяржаў выклікам для нас — людзей, якія выраслі ў салідарнасці і ў барацьбе з таталітарызмам, — застаецца прывыканне да таго, што ў нас ёсць суседзі, чый дэмакратычны мандат ілюзорны.
І мы павінны вырашыць, як у гэтай рэальнасці кіраваць нашымі адносінамі. Пры гэтым звяртаючы ўвагу на тое, што суверэнітэт Беларусі, яе незалежнасць, дзяржаўнасць, здольнасць вызначаць уласныя мэты насуперак блізкасці з Расіяй — знаходзяцца ў сферы нашых інтарэсаў», — заявіў генерал Куява.
Адно з пытанняў падчас інтэрв’ю датычылася этнічнага паляка, старшыні беларускага КДБ Івана Церцеля. Што пра яго ведае польская разведка?
«Лукашэнка кажа: «Нашы палякі». Ну і ён яго паляк. І ці прасцей нам ад гэтага размаўляць? Я думаю, што ў ягонай польскай душы інтарэсы прэзідэнта Лукашэнкі — найважнейшыя, і гэта трэба разумець», — адказаў Куява.
«А з іншага боку, мы з іх пункту гледжання — самы цікавы сусед. Яны выдатна разумеюць Расію, разумеюць Украіну, умеюць апісваць сутнасць магчымасцяў абедзвюх дзяржаў і іх інтарэсаў у гэтым канфлікце. Па-свойму яны з’яўляюцца часткай таго свету. Чаму і мы таксама вучымся, назіраючы за тамтэйшымі дылемамі», — працягнуў ён.
Якія ж у Польшчы інтарэсы ў дачыненні да Беларусі? Якія прагматычныя пытанні дзвюм краінам трэба ўрэгуляваць?
Адказваючы на гэтыя пытанні, Радаслаў Куява падкрэсліў, што міграцыйны ціск на польска-беларускай мяжы знізіўся. Акрамя таго, была вызваленая большая частка палітвязняў. Няма і ніякіх доказаў таго, што Беларусь вядзе дыверсійную дзейнасць на тэрыторыі Польшчы.
«Гэта база для дыялогу, — заявіў ён. — А як сама Беларусь ці як Расія ўспрыме той факт, што мы можам размаўляць, — гэта ўжо асобная тэма. Гэта больш дылема для беларускага боку, а з нашага ёсць псіхалагічны бар’ер, да якога мы павінны крыху прывыкнуць».
Вядоўца пацікавіўся, ці падтрымліваецца кантакт з Мінскам на ўзроўні спецслужбаў?
«Мы ж не хавалі гэтага падчас працы па вызваленні спадара Анджэя Пачобута — гэта адбылося ў выніку перамоваў з беларусамі», — адказаў Радаслаў Куява.
«Спецслужбы маюць прывілей размаўляць без агалоскі і без выпуску камюніке на гэтую тэму. У нас доўгая мяжа. Свет, які мы назіраем, сёння выглядае так, што трэба размаўляць на розныя тэмы з кожным з суседзяў.
У нас з Беларуссю дыпламатычныя адносіны, і тое, што нам удалося дамагчыся вызвалення Анджэя Пачобута, — адно з доказаў таго, што гэтыя перамовы варта весці», — растлумачыў намеснік міністра — каардынатара польскіх спецслужбаў.
На думку Куявы, на пэўным узроўні дыялог вядуць усе.
«Мы бачым гэта на прыкладзе канфлікту ў Іране, мы бачым гэта на прыкладзе абмену палоннымі паміж Украінай і Расіяй, мы бачым гэта ў дамоўленасцях Ізраіля з ХАМАС. Зразумела, у канцы ўзнікае пытанне пра легітымацыю прэзідэнта Лукашэнкі.
І гэта тое, што з нашага пункту гледжання важна. Скажу толькі так: Беларусь павінна ведаць, што з польскага боку ёй не пагражае агрэсія. Калі яна будзе ў стане запэўніць нас, што з таго боку мяжы яе таксама не будзе, то, я думаю, гэта ўяўляе каштоўнасць для польскай дзяржавы», — заявіў Радаслаў Куява.
На просьбу расказаць падрабязней пра справу Пачобута і ўклад польскіх спецслужбаў у яго вызваленне генерал Куява растлумачыў, што гэтая гісторыя пачалася ў ліпені 2024 года ў кантэксце вялікага абмену, калі па просьбе амерыканцаў польскі бок перадаў расійскага шпіёна Паўла Рубцова.
«Тады мы атрымалі запэўненні, што яны (ЗША — заўв. Reform.news) ведаюць нашы перавагі і чаканні, каго мы больш за ўсё хочам вызваліць. Гэты працэс доўжыўся доўга, і яго каталізатарам стала тое, што нам удалося затрымаць за супрацьпраўную дзейнасць (а ў двух выпадках скіраваную супраць нашых інтарэсаў) асобаў, за якіх расіяне і беларусы да нас звярнуліся.
Гэта дазволіла нам кантраляваць ход перамоваў, у якіх роля амерыканцаў была вельмі вялікая, паколькі ў іх ужо было выпрацавана ноў-хаў і яны размаўлялі наўпрост (з прадстаўнікамі беларускага рэжыму — заўв. Reform.news), у тым ліку ў Мінску».
Вызваленне Пачобута Куява назваў «сумеснымі намаганнямі», у рамках якіх «дыялог з беларусамі таксама быў неабходны».
Інтэрв’юер пацікавіўся, чаму польскія спецслужбы дагэтуль не прыцягнулі да адказнасці перад польскім правасуддзем суддзю Томаша Шміта, які ўцёк у Беларусь?
Радаслаў Куява адзначыў, што ў гэтым выпадку пытанне ў сілах і сродках, якія польскія спецслужбы павінны былі б задзейнічаць для гэтай мэты. А таксама ў кантэксце адносін з Беларуссю — дзяржавай, на тэрыторыі якой знаходзіцца суддзя-ўцякач.
«У нас зусім іншая ацэнка міжнароднай рэальнасці, іншае разуменне права, — адзначыў намеснік міністра — каардынатара польскіх спецслужбаў. — Аднак гэта наш сусед і дзяржава, з якой у нас ёсць — і рэальна, і патэнцыйна — мноства тэм для абмеркавання».
Паводле яго слоў, гэта тонкая мяжа. Таму магчымасць падтрымліваць дыялог не спалучаецца з планаваннем «нейкіх актыўных дзеянняў».
«Я разумею гэты адказ. Ці аналагічная сітуацыя ў справе забойцы польскага салдата на мяжы з Беларуссю?» — пацікавіўся вядоўца.
Куява адказаў, што ў польскіх спецслужбаў шмат інфармацыі пра гэтага чалавека.
«Забойца — экзатычны злачынца, які выконвае свае задачы на польска-беларускай мяжы, мэтай якіх была дэстабілізацыя і стварэнне ўмоў для эфектыўнага ажыццяўлення міграцыйнага ціску, — адзначыў ён. — Ці мэтазгодна ў гэтай сітуацыі, нават з пункту гледжання міжнароднага права, звяртацца з запытам аб тым, каб ён быў выдадзены нам Беларуссю, або наогул атрымліваць ад гэтай дзяржавы дапамогу ў яго затрыманні?
Тым больш што беларусы ўвесь час сцвярджаюць, нібыта яны не былі ў стане прадухіліць гэты міграцыйны ціск», — сказаў Радаслаў Куява. Дадаўшы, што «ў кантэксце гэтага здарэння мы нават гатовыя паверыць, таму чакалі б супрацоўніцтва».
Пры гэтым намеснік міністра — каардынатара польскіх спецслужбаў ухіліўся ад адказу на пытанне, ці знаходзіцца дагэтуль забойца польскага вайскоўца на тэрыторыі нашай краіны.
Вядоўца пацікавіўся — ці ўяўляе Радаслаў Куява ў нейкай перспектыве Беларусь членам Еўрапейскага саюза? Бо дружалюбная буферная дзяржава на ўсходняй мяжы была б у інтарэсах Польшчы?
«А ці ў стане мы эфектыўна падтрымаць украінскія імкненні да Еўрапейскага саюза, калі ў нас тут ёсць гатоўнасць з абодвух бакоў?» — задаўся сустрэчным пытаннем намеснік міністра — каардынатара польскіх спецслужбаў.
«Мы канцэнтруемся на рэчах не з галіны фантазій, а на тым, дзе можна сфармуляваць наш інтарэс і жорстка яго праводзіць, нягледзячы на эмоцыі многіх нашых суайчыннікаў», — заявіў ён.
