У Варшаве 9 жніўня пройдзе «Дзень Годнасці», прымеркаваны да шостай гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі і пачатку мірных пратэстаў.
Як адзначаюць ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, акцыя стане днём памяці, салідарнасці і падтрымкі ўсіх, хто працягвае выступаць за свабодную, незалежную і дэмакратычную Беларусь.
На сцэне выступяць прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл, былыя палітвязні і грамадскія дзеячы. Да прысутных звернуцца Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Павел Севярынец, Паліна Шарэнда-Панасюк і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства.
Культурную праграму прадставяць «Вольны хор», Kriwi і Аляксей Шкурапацкі. Завяршэннем вечара стане вогненнае шоу «Полымя свабоды» ад Javaryna Fire Show.
Мерапрыемства пройдзе 9 жніўня ў Варшаве каля помніка Мікалаю Каперніку. Пачатак запланаваны на 18:00.
Арганізатарамі акцыі выступаюць Беларуская асацыяцыя палітвязняў «Да Волі», Офіс Святланы Ціханоўскай, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета, супольнасць «Беларусы Варшавы», Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і іншыя арганізацыі.
Арганізатары таксама прапануюць падтрымаць правядзенне «Дня Годнасці» 2026 праз збор сродкаў на BYSOL.
