У грамадскім транспарце Варшавы з 5 па 9 жніўня з’явіцца інфармацыя пра правядзенне «Дня Годнасці» — акцыі салідарнасці, якая пройдзе ў польскай сталіцы 9 жніўня.
Як паведамілі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, ініцыятыва была падтрымана мэрыяй Варшавы пасля звароту намесніка кіраўніцы АПК, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі пры садзейнічанні Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні АПК.
У гарадскім транспарце размесцяць паведамленні пра мерапрыемства і афіцыйнае запрашэнне ўзяць удзел у акцыі. Арганізатары адзначаюць, што гэта дазволіць нагадаць жыхарам і гасцям Варшавы пра падзеі 2020 года ў Беларусі і пра барацьбу, якая працягваецца, за дэмакратычныя змены.
«Для тысяч беларусаў, якія знайшлі прытулак у Польшчы, такое рашэнне — гэта яшчэ адно пацвярджэнне таго, што Варшава, як і ўся Польшча, памятае пра нашу барацьбу за свабодную Беларусь і падтрымлівае яе. Мы высока цэнім салідарнасць і гатоўнасць дапамагаць у тым, каб голас беларускага народа гучаў як мага мацней», — заявіў Павел Латушка.
«Салідарнасць польскага і беларускага народаў найбольш праяўляецца ў такія моманты. Нягледзячы на пераслед на радзіме, беларусы могуць збірацца разам і нагадваць пра працяг барацьбы за свабоду і дэмакратыю проста ў цэнтры Варшавы. Дзякуем польскім дзяржаўным службам за чуйнасць і плённае супрацоўніцтва пры падрыхтоўцы да адзначэння 6-й гадавіны пратэстаў», — адзначыў прадстаўнік АПК Павел Баркоўскі.
Раней паведамлялася, што 9 жніўня з 18:00 да 24:00 фасад Палаца культуры і навукі ў Варшаве будзе асветлены ў бел-чырвона-белых колерах.
