Экспарт бензіну і дызельнага паліва з Беларусі ў Расію дасягнуў рэкордных паказчыкаў у ліпені — Reuters

Галоўнае
Фото: Reform.by

Пастаўкі бензіну і дызельнага паліва з Беларусі ў Расію ў ліпені дасягнулі рэкорднага месячнага ўзроўню на фоне дэфіцыту паліва, выкліканага скарачэннем вытворчасці на расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы ў галіне і ўласныя разлікі.

Паводле даных суразмоўцаў агенцтва, чыгуначныя пастаўкі бензіну з Беларусі ў Расію ў ліпені выраслі на 13% у параўнанні з чэрвенем і склалі каля 212 тысяч тон. Аб’ём паставак дызельнага паліва за месяц павялічыўся ўдвая — да 162 тысяч тон.

Пастаўкі авіяцыйнага паліва з Беларусі ў Расію ў ліпені склалі каля 13,1 тысячы тоны супраць 16 тысяч тон у чэрвені.

Рост паставак звязаны са скарачэннем вытворчасці паліва ў Расіі пасля працяглых атак украінскіх беспілотнікаў на нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Паводле галіновых крыніц, на пачатку ліпеня вытворчасць бензіну ў Расіі знізілася прыкладна да 65% ад узроўню сезоннага спажывання, а выпуск дызельнага паліва наблізіўся да ўзроўню ўнутранага попыту.

На фоне росту аптовых і рознічных цэн на паліва расійскія ўлады ўвялі забарону на экспарт дызельнага паліва, захаваўшы выключэнні для раней заключаных кантрактаў і паставак у рамках міжурадавых пагадненняў. Абмежаванні на экспарт бензіну і авіякеросіну дзейнічалі раней.

Беларусь пастаўляе паліва ў Расію з двух нафтаперапрацоўчых заводаў, якія працуюць на расійскай нафце. Іх сумарная магутнасць складае каля 24 млн тон нафты за год.

За першыя 7 месяцаў 2026 года пастаўкі бензіну з Беларусі ў Расію па чыгунцы выраслі амаль у 25 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года — да прыкладна 665 тысяч тон. Пастаўкі дызельнага паліва павялічыліся амаль у 7 разоў — да 418 тысяч тон.

Паводле крыніц, Расія таксама пачала імпартаваць бензін з Індыі, Казахстана і Марока.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.