Лукашэнка растлумачыў сваю адсутнасць на Савеце міру праверкай баявой гатоўнасці войскаў

Навіны
Скриншот трансляции

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў сваю адсутнасць на першым мерапрыемстве Савета міру, створанага прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, раптоўнай праверкай баявой гатоўнасці, якая праводзілася па яго рашэнні. Пра гэта ён заявіў, каментуючы сёння ўчарашнія перамовы са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам.

“Яны вельмі настойвалі, каб я прыехаў на чарговы Савет міру. Я ім сказаў адкрыта і шчыра, чаму я не змог наведаць. Гэта не толькі таму, што там графік, яшчэ нешта”, — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.

Трэба адзначыць, што 11 лютага прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант абвясціла, што ён не паляціць на сустрэчу Савета міру 19 лютага ў Вашынгтоне. Паводле яе слоў, запрашэнне было атрымана позна, а працоўны графік быў ужо сфарміраваны, таму ёсць пытанні, “якія немагчыма адкласці”.

Таксама яна заявіла пра лагістычныя складанасці з-за ўведзеных санкцый. Праз пяць дзён Аляксандр Лукашэнка ўжо сам на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым акцэнтаваў увагу на лагістыцы: «Я што, павінен быў у сувязі з гэтымі санкцыямі праз Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку ляцець у Вашынгтон? Калі вы хацелі мяне там бачыць, вырашыце пытанне, каб я мог спакойна прыляцець і зляцець адтуль». Цяпер аказваецца, што асноўнай прычынай была праверка баявой гатоўнасці. Пры гэтым 19 лютага ён сустракаўся з парламентарымі з Зімбабвэ.

“Вы ж бачылі, я ўздыбіў усю армію. Кожны дзень увечары мне група, якая кантралюе і рэалізуе мае задумы, дакладвае пра ход гэтай, сапраўды ўпершыню ў гісторыі, такой маштабнай праверкі. Ну і як я мог зляцець? Мне што, пакінуць гэты працэс? Нельга. Тым больш усе пачалі абмяркоўваць, што гэта мы ледзь не супраць Украіны ці Польшчы робім, ці Літвы. Ды не, мы гэта робім для сябе. Я хачу пераканацца, які стан нашай арміі. Таму гэта асноўная была прычына, чаму я не змог зляцець”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, лагістычныя перашкоды можна было абысці.

“Былі там і гадасці, якія еўрапейцы планавалі. Але гэта мы маглі абысці. Я, натуральна, міма Еўропы паляцеў бы. І ніякія подласці і брыдоты. Бяспека?.. Я нават не думаў. Гэта беглыя нашы ўзвывалі: “Лукашэнка спалохаўся!”. Я не з баязлівых. Я нават не думаў пра нейкую бяспеку. Я ляцеў не да сваіх сяброў. Але да людзей, якія хацелі мяне бачыць. Той жа прэзідэнт Трамп.

Таму я паабяцаў, што ў бліжэйшы час, калі ў вас будзе праходзіць мерапрыемства, мы сустрэнемся”, — заключыў ён.

Учора Джон Коўл пасля перамоваў заявіў, што ў ЗША былі расчараваныя адсутнасцю Лукашэнкі на мерапрыемстве Савета міру. Аднак Дональд Трамп запрасіў яго паўдзельнічаць у наступных пасяджэннях.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.