Фігурантаў справы «Сумленных людзей» унеслі ў спіс «экстрэмістаў»

Галоўнае
Коллаж: spring96.org/be

МУС уключыла ў «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», яшчэ 25 чалавек.

Сярод іх — актывісты «Сумленных людзей» — Алена Жылачкіна (Жываглод), Зарына Сарокіна, Алег Давыдчык і Цімафей Малахоўскі. Прысуд па гэтай справе быў вынесены завочна 22 студзеня Віцебскім абласным судом. Фігурантам былі прад’яўлены абвінавачанні па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў «дыскрэдытацыі Беларусі», «распальванні варожасці», «абразе і паклёпе на Лукашэнку», а таксама ў «закліку да санкцый супраць Рэспублікі Беларусь».

Алене Жылачкінай прызначылі 10 гадоў калоніі агульнага рэжыму са штрафам у памеры 67 500 рублёў. Зарына Сарокіна, Цімафей Малахоўскі і Алег Давыдчык былі прыгавораны да 8 гадоў калоніі са штрафам па 40 500 рублёў кожны.

Ініцыятыва «Сумленныя людзі» была створана ў 2020 годзе з мэтай супрацьдзеяння фальсіфікацыям на прэзідэнцкіх выбарах. Яе валанцёры спрабавалі трапіць у склад участковых выбарчых камісій, выступалі ў якасці назіральнікаў. Сумесна з арганізацыямі «Голас» і «ZUBR.in» «Сумленныя людзі» арганізавалі анлайн-платформы для назірання за выбарчымі ўчасткамі і платформу «Голас» для незалежнага падліку галасоў.

Таксама ў пералік трапіў палітолаг Дзмітрый Балкунец, асуджаны завочна па васьмі артыкулах КК.

Цяпер у «экстрэмісцкім спісе» 6728 прозвішчаў.

Беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.