Міністэрства па падатках і зборах пашырыла пералік звестак, якія будуць збірацца пра жыхароў краіны. Сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавана пастанова №20 ад 29 мая.
Рэзідэнты ПВТ павінны будуць прадастаўляць МПЗ звесткі аб адкрыцці і закрыцці верыфікаваных акаўнтаў грамадзян Беларусі, а таксама замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у краіне, на платформах рэзідэнтаў ПВТ. Звесткі павінны перадавацца не пазней за 15 чысло месяца, наступнага за мінулым кварталам.
Таксама рэзідэнты ПВТ раз на год будуць накіроўваць у падатковыя органы звесткі аб аперацыях па гэтых акаўнтах, калі іх сума па кожнай з валют або электронных грошай перавысіла суму ў 150 тыс. рублёў.
Акрамя таго, забудоўшчыкаў абавязалі раз на год перадаваць у падатковую даныя аб выдатках фізічных асоб на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці, у дачыненні да якіх у мінулым каляндарным годзе забудоўшчыкам перададзены дакументы, неабходныя для дзяржаўнай рэгістрацыі правоў на аб’екты долевага будаўніцтва, або прынятых у эксплуатацыю і аплата кошту якіх ажыццяўляецца фізічнымі асобамі пасля прыняцця ў эксплуатацыю.
Яшчэ адно новаўвядзенне — прадастаўленне банкамі звестак аб грашовых сродках, пералічаных фізічнымі асобамі за мяжу.
Палажэнні аб рэзідэнтах ПВТ і забудоўшчыках уступаюць у сілу праз тры месяцы пасля апублікавання, а аб банках — з 1 студзеня 2027 года.