«Як выткаць траўму?» Выстава Сашы Вялічка «Выкліканая на дыван» адкрылася падчас Міжнароднага фотафестывалю ў Лодзі

Культура
Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: Саша Вялічка

Беларуская мастачка Саша Вялічка выйграла Fotofestiwal Grant – праграму Міжнароднага фотафестывалю ў Лодзі, якая падтрымлівае аўтараў, якія пражываюць у Польшчы. Сёння яе выстава «Выкліканая на дыван» («Called to the Carpet») адкрылася на Fotofestiwal у Лодзі.

Праект, з якім аўтарка выйграла конкурс, прысвечаны жынчынам-палітзняволеным. Рабіўся праект у супрацы з ініцыятывамі «Палітвязынка» і «Ружовыя хусткі» (Pink Scarves), якія падтрымліваюць беларускіх жанчын-палітзняволеных.

Назва адсылае да фразы «выклікаць на дыван» — выклікаць чалавека да прадстаўніка ўлады для вымовы, ціску або пакарання.

«Як выткаць траўму?» Выстава Сашы Вялічка «Выкліканая на дыван» адкрылася падчас Міжнароднага фотафестывалю ў Лодзі
Фрагмент экспазіцыі выставы. Злева на фатаграфіі – шахматныя фігуркі з турэмнага хлеба. Справа на фатаграфіі ўвасоблена адна з пашыраных формаў катаванняў палітзняволеных — калі ўзімку ў іхную адзіную пару ботаў наліваюць ледзяную ваду. Фота: Саша Вялічка

З 2020 года жанчыны-палітзняволеныя падвяргаюцца катаванням у турмах і пазбаўляюцца медыцынскай дапамогі. Некаторыя з іх паміраюць пасля вызвалення, бо хранічныя хваробы прагрэсуюць і не лечацца падчас зняволення.

Палітзняволеным не дазваляюць прысутнічаць на пахаваннях родных, хоць гэта прадугледжана законам. Ім дазваляюць толькі адзін тэлефонны званок на месяц працягласцю сем хвілін. Калі ў жанчыны двое або больш дзяцей, яна павінна выбраць, з кім з іх будзе размаўляць.

Задакументаваныя выпадкі згвалтаванняў і сексуальнага гвалту з боку супрацоўнікаў турмаў, а таксама разрывы ўнутраных органаў міліцэйскімі дубінкамі. Гэтыя акты гвалту былі зафіксаваныя Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый.

«Гэты праект глыбока асабісты для мяне. У 2020 годзе мяне асудзілі, а ў 2021 годзе я была вымушаная ўцячы з Беларусі; калі б я засталася, я магла б стаць адной з гэтых жанчын», – патлумачыла Саша Вялічка.

«Як выткаць траўму?» Выстава Сашы Вялічка «Выкліканая на дыван» адкрылася падчас Міжнароднага фотафестывалю ў Лодзі
Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: Саша Вялічка

Яе праект складаецца з дзвюх частак. Для першай часткі праекта ёй давялося навучыцца ткаць дываны. Яна ўзяла з архіва праваабарончай арганізацыі «Вясна» турэмныя фотаздымкі жанчын (mugshots), і на аснове іх выткала наўмысна размытыя і абстрагаваныя выявы на сваіх самаробных дыванах.

«Пляценне дываноў – гэта традыцыйны жаночы занятак, а на постсавецкай прасторы іх часта можна сустрэць на сценах, бо яны асацыююцца з хатнім цяплом і бяспекай, – расказвае мастачка. – Жанчыны, якія знаходзяцца ў турмах, часта шыюць вопратку. Я навучылася ткаць з нуля, праглядаючы відэа ў TikTok, таму мае дываны недасканалыя, у іх ёсць адтуліны, але я наўмысна нічога не праўлю, таму што жанчыны-зняволеныя таксама вучацца шыць з нуля і таксама робяць памылкі.

Таксама наўмысна я раблю твары на дыванах размытымі, бо імкнуся паказаць, як аўтарытарны механізм сцірае асобу зняволеных».

Дываны выкананыя ў чорна-шэрай гаме, якая адсылае да якасці зыходных матэрыялаў — турэмных фотаздымкаў, надрукаваных на таннай паперы, што выцвітае».

Другая частка праекта прысвечаная ўмовам, у якіх жывуць жанчыны ў турмах, а таксама іх вынаходлівасці і ўстойлівасці. Пазбаўленыя базавых сродкаў догляду за сабой, яны прыдумваюць спосабы захаваць годнасць і адчуванне сябе: робяць пэндзлікі для макіяжу з уласных валасоў, запалак і нітак; прасуюць вопратку алюмініевымі кубкамі, нагрэтымі кіпяцільнікамі; выкарыстоўваюць цыгарэтныя капсулы як парфуму; увільгатняюць скуру маскамі з турэмнага хлеба.

Мастачка ўзнавіла гэтыя гэтыя аб’екты, абапіраючыся на лісты і сведчанні былых зняволеных, склала з іх нацюрморты і сфатаграфавала.

«Як выткаць траўму?» Выстава Сашы Вялічка «Выкліканая на дыван» адкрылася падчас Міжнароднага фотафестывалю ў Лодзі
Фрагмент экспазіцыі выставы. Злева на фатаграфіі – ілюстрацыя таго, як жанчыны-палітзняволеныя робяць пэндзлікі для макіяжу з валасоў, запалак і нітак — маленькія прылады, каб маляваць выразныя стрэлкі як жэст самавыяўленьня. Справа – прылады працы па прыборцы тэрыторыі. Такая праца звычайна пачынаецца з 5:30 раніцы. Фота: Саша Вялічка

Выстава Сашы Вялічка будзе праходзіць у Kamienicy Hilarego Majewskiego, Włókiennicza 11 па 12 ліпеня. 28 чэрвеня адбудзецца экскурсія па выставе «Выкліканая на дыван» («Called to the Carpet») і яе абмеркаванне з былымі палітвязынкамі.

Куратарка праекта – Арыяна Рынальда.

Саша Вялічка працуе на мяжы фатаграфіі, архіўнай працы, інсталяцыі і новых медыя. У сваім папярэднім праекце «Стан адмаўлення» («State of Denial») — яна даследуе, як людзі існуюць у лічбавым асяроддзі, перапоўненым фэйкамі, дыпфэйкамі і інфармацыйнымі маніпуляцыямі. Абапіраючыся на рэальныя гісторыі затрыманняў у Беларусі, Саша стварыла пастановачныя здымкі, якія адлюстроўваюць абсурднасць і жорсткасць жыцця пры дыктатуры.

Міжнародны фестываль фатаграфіі ў Лодзі прадоўжыцца дзесяць дзён і пройдзе пад лозунгамі «Мастацтва. Супрацоўніцтва. Супольнасць». Праграма ўключае ў сябе больш за трыццаць выстаў мастакоў з Польшчы і за мяжой, а таксама дзясяткі спадарожных мерапрыемстваў: ад куратарскіх экскурсій і семінараў, сямейных праектаў, музычных вечароў і кінапаказаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.