Аляксандр Лукашэнка сёння вырашыў растлумачыць дзяржсакратару СД Сяргею Глазьеву, чаму ён не паляціць на першае пасяджэнне Савета міру ў Вашынгтоне, якое адбудзецца 19 лютага. Лукашэнка таксама адкінуў найбольш папулярныя тлумачэнні яго рашэння, вылучаныя назіральнікамі.
“Я што, павінен быў у сувязі з гэтымі санкцыямі праз Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку ляцець у Вашынгтон? Калі вы хацелі мяне там бачыць, вырашайце пытанне, каб я мог спакойна прыляцець і адляцець адтуль”, – абурыўся ён.
Далей Лукашэнка абверг здагадку, што ён не ляціць у Вашынгтон з-за страху быць арыштаваным, што яму забараніў паездку прэзідэнт Расіі.
“Яшчэ пытанне ўзнімаюць бяспекі. Ах, Лукашэнка спалохаўся. Там пытанне бяспекі. Слухайце, гэта не да Лукашэнкі пытанне. Я ніколі не баяўся нікога і баяцца не збіраюся. Гэта поўнае глупства. Вось Лукашэнку там нехта схопіць і дадому не выпусціць. Ну, тупасць поўная. Я нават не ўяўляю, што магло такое здарыцца з любым іншым прэзідэнтам або са мной. Таму абмяркоўваць няма чаго.
Далей: не пусціў Пуцін мяне ў ЗША. І мы размаўлялі якраз з ім. Сяргей Юр’евіч, я нават не ведаў, што я запрошаны на савет, калі з Пуціным размаўляў. Яны нават не змаглі гэта ўсё супаставіць. І потым, ну, Пуцін такі чалавек, што ён ніколі… Ён будзе акуратна нешта выбудоўваць, як-небудзь намякаць, але каб не пусціць, ён бы наадварот сказаў: “Слухай, ты там будзеш на савеце, перадай Дональду гэта, гэта, гэта”. То-бок, ну, як там уявіць, але не інтарэсы Расійскай Федэрацыі, як там Пяскоў казаў, што вось, нам не трэба, каб нехта прадстаўляў і нават Беларусь інтарэсы.
Мы мільярд выдзелілі Газе. Мы ніякія мільярды не збіраемся выдзяляць. Пуцін выдзеліў адзін — дзякуй. Амерыканцы, можа, 5 мільярдаў выдзеляць. У нас няма мільярдаў выдзяляць на тое, каб нават добрую гэту справу рабіць — аднаўленне Газы, якую па-варварску разбамбілі, і там пад гэтымі абломкамі чалавечыя лёсы і, галоўнае, дзяцей, гэта для мяне не прымальна ўвогуле. І ну мы там чым у Газе дапаможам?” – сказаў ён.
Лукашэнка ўсё ж разлічвае асабіста пабываць на пасяджэннях Савета міру, асабліва калі яны будуць дзесьці бліжэй і прысвечаныя не сектару Газа.
“Справа не ў Газе. Я пра гэта адразу сказаў. Гэта Савет міру. І я вельмі спадзяюся, што тыя мерапрыемствы, якія будуць адбывацца ў далейшым, а мы абавязкова на ўзроўні прэзідэнта будзем удзельнічаць у гэтым савеце, абавязкова будзем удзельнічаць. Ну, можа, не ў Вашынгтоне, дзесьці ў Еўропе або на Блізкім Усходзе, можа быць, у Ізраілі, бліжэй тут у Турцыі адбудуцца далейшыя пасяджэнні гэтага савета. Мы будзем удзельнічаць у ім. У нас сцяг адзін — мір. Мы хочам міру, і перш за ўсё там, дзе наш лёс — Украіна. Ну ты ж сам нарадзіўся ва Украіне. Колькі такіх людзей тут лёсы завязаныя. Мы ўсе хочам там міру, і не толькі ва Украіне, але і ў іншых кропках. І думаю, што нам будзе там дарэчы”, – заключыў ён.
