Некаторыя банкі ў Беларусі ўводзяць камісію за прыём наяўных расійскіх рублёў ад кліентаў-нерэзідэнтаў пры залічэнні сродкаў на рахункі.
Пра ўвядзенне камісій заявілі «МТБанк», «БНБ-Банк», «Тэхнабанк», «Альфа-Банк», «Сбер Банк».
«МТБанк» устанавіў камісію ў памеры 5% пры папаўненні ў расійскіх рублях бягучых рахункаў (без банкаўскай плацежнай карткі), адкрытых на імя нерэзідэнтаў Беларусі. Новае правіла дзейнічае з 19 чэрвеня для рахункаў, адкрытых з 19 чэрвеня 2026 года, і з 20 ліпеня для рахункаў, адкрытых да 18 чэрвеня 2026 года.
«Тэхнабанк» увёў камісію ў 2% за прыём расійскіх рублёў праз касу на бягучыя рахункі нерэзідэнтаў з 20 ліпеня для старых рахункаў і з 19 чэрвеня для новых рахункаў.
Камісія «БНБ-Банка» складзе 5%. Яна пачне дзейнічаць з 18 ліпеня для рахункаў, адкрытых да 20 чэрвеня, і з 20 чэрвеня для новых.
«Альфа-Банк» устанавіў камісію ў 5% з 14 ліпеня. Выключэнні зроблены для кліентаў, якія абслугоўваюцца ў банку ў рамках зарплатнага праекта, а таксама пры прыёме наяўных расійскіх рублёў для пераводу на рахунак па ўліку ўкладу, адкрытага ў банку, у межах аднаго аперацыйнага дня.
«Сбер Банк» абвясціў пра камісію ў 5%. Яна будзе дзейнічаць з 24 чэрвеня для рахункаў, адкрытых з 24 чэрвеня, і з 20 ліпеня для рахункаў, адкрытых да 23 чэрвеня.