Міністэрства аховы здароўя Беларусі расказала пра стан дзяцей і дарослых, якія пацярпелі ў Бранскай вобласці. Паводле даных ведамства на 20 чэрвеня, дзеці, якія знаходзяцца ў РНПЦ дзіцячай хірургіі, стабільныя і дэманструюць станоўчую дынаміку.
Дзіця, праапераванае 19 чэрвеня, знаходзіцца ў рэанімацыі ў здавальняючым стане. Дарослы пацыент пераведзены з рэанімацыі ў звычайнае аддзяленне, яго стан стабільны.
Мінздароўя паведаміла, што ўсім пацярпелым аказваецца высокатэхналагічная медыцынская дапамога ў поўным аб’ёме, сітуацыя застаецца на кантролі ведамства.
Нагадаем, аўтобус з беларускімі дзецьмі, якія накіроўваліся на адпачынак у расійскі Геленджык, 17 чэрвеня быў атакаваны, меркавана, беспілотнікам у Бранскай вобласці Расіі. У выніку загінула жанчына, якая суправаджала групу, восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, атрымалі раненні. Масква заяўляе, што аўтобус быў атакаваны ўкраінскім дронам, Кіеў адхіляе гэтыя абвінавачанні і называе тое, што адбылося, інфармацыйнай правакацыяй.