Запрацаваў сайт адноўленай Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat

Галоўнае
Фота: Reform.news.

“На сёння Kamunikat удалося аднавіць практычна да таго стану, у якім ён быў да атакі”, – пра гэта паведаміў Яраслаў Іванюк на творчай сустрэчы з чытачамі ў Цэнтры Беларускай Салідарнасці ў Варшаве.

Заснавальнік Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі і выдавец прызнаўся, што адмыслова не рабіў загадзя публічнай заявы, каб не даваць магчымасць хакерам сапсаваць добрую навіну.

“Ад сёння бібліятэка даступная, жыве і працуе”, — зазначыў ён.

Назаўсёды «згубіліся» адзінкавыя файлы, пераважна гэта ілюстрацыі да архіўных навін.

Запрацаваў сайт адноўленай Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat
Скрыншот з сайта.

Як падкрэсліваецца на сайце бібліятэкі, пасля атакі каманда ўзмацніла меры бяспекі наколькі гэта магчыма –  “перагледзелі падыходы да рэзервовага капіравання, узмацнілі абарону сайта, перавынайшлі частку працэсаў так, каб праект быў больш устойлівы да падобных атак у будучынi”.

У планах праекта — новы сайт на сучасным рухавіку.

“Найбольш важкая задача — «пасябраваць» з ім архівы, што маем. Але мы гэта зробім”, — адзначаюць стваральнікі.

Нагадаем, што 7 траўня 2026 года на сервер Kamunikat.org была здзейснена моцная атака, у выніку якой былі выдалены ўсе файлы, якія збіраліся напрацягу 25 гадоў. Зараз бібліятэку ўдалося аднавіць. Над гэтым каманда і адмыслоўцы працавалі больш за месяц.

Напрыканцы 2025 года рэжым прызнаў змест сайта бібліятэкі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». 3 сакавіка 2026 года беларускі КДБ уключыў Kamunikat у склад неіснуючай «кааліцыі друкаваных выдавецтваў» і абвясціў «экстрэмісцкім фармаваннем». Атаку на рэсурс 7 траўня можна назваць часткай палітычнага ціску на незалежную беларускую культурную інфраструктуру.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.