Саўмін зацвердзіў палажэнне аб выкананні грамадскіх работ

Навіны
Фото: pixabay.com

Савет міністраў пастановай №304 ад 19 чэрвеня зацвердзіў Палажэнне аб парадку прыцягнення асобы да выканання грамадскіх работ і парадку абвяшчэння афіцыйнага папярэджання аб адміністрацыйнай адказнасці за ўхіленне ад іх выканання. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступіў у сілу з 19 чэрвеня.

У адпаведнасці з палажэннем, мясцовы орган улады павінен вызначыць упаўнаважаную асобу, якая будзе займацца ўлікам паступіўшых пастаноў суда аб адміністрацыйных спагнаннях у выглядзе грамадскіх работ, а таксама займацца арганізацыяй выканання такой пастановы.

Упаўнаважаная асоба павінна на працягу 3 дзён з моманту паступлення пастановы суда паведаміць указанаму ў ёй чалавеку пра неабходнасць з’явіцца для атрымання накіравання на выкананне грамадскіх работ.

На працягу 10 дзён упаўнаважаная асоба павінна вызначыць арганізацыю, у якой будуць адпрацоўвацца грамадскія работы, і канкрэтныя віды работ. Яна не павінна супадаць з асноўным месцам працы, службы або вучобы парушальніка.

Таксама ўпаўнаважаная асоба па ўзгадненні з арганізацыяй павінна скласці графік выканання грамадскіх работ. Яна ж тлумачыць парушальніку ўмовы выканання работ, правы і абавязкі і г.д.

У накіраванні на выкананне грамадскіх работ павінны быць указаны назва арганізацыі, від работ, тэрмін іх выканання, час пачатку і заканчэння работ штодня, персанальныя даныя ўпаўнаважанай асобы.

Палажэннем таксама вызначаны парадак паведамлення парушальніку пра адказнасць за адмову выконваць грамадскія работы і форма такога паведамлення.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.