З 2021 года ў краіне прымусова ліквідавалі больш за 80 экалагічных арганізацый, яшчэ каля 60 спынілі працу самастойна праз ціск з боку ўладаў. Пра гэта гаворыцца ў аналітычным аглядзе, падрыхтаваным «Экадомам» пры падтрымцы альянсу «Зялёная Беларусь» і «Зялёнай сеткі».
Усяго ліквідавана больш за 140 тэматычных НКА. Сярод іх найстарэйшыя і найбольш уплывовыя экаарганізацыі — «Ахова птушак Бацькаўшчыны», «Экодом», «Багна», «Мінскае веласіпеднае таварыства».
У 2022 годзе «экстрэмісцкім фарміраваннем» прызналі «Экадом», а ў ліпені 2025 года — «Зялёную сетку». Шэраг экалагічных медыярэсурсаў трапілі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», частка актывістаў і экспертаў прайшлі праз адміністрацыйны і крымінальны пераслед і былі вымушаныя эміграваць.
Аўтары даклада адзначаюць, што да 2020 года экалагічны сектар актыўна ўзаемадзейнічаў з дзяржаўнымі структурамі, удзельнічаў у распрацоўцы профільнага заканадаўства і грамадскіх абмеркаваннях. Аднак пасля прэзідэнцкіх выбараў і наступных масавых пратэстаў сітуацыя кардынальна змянілася.
Частка экалагічных актывістаў сутыкнуліся з адміністрацыйнымі арыштамі, крымінальным пераследам, ператрусамі, звальненнямі і вымушанай эміграцыяй. На пачатак мая 2026 года не менш за 19 палітычных зняволеных у Беларусі звязаныя з экалагічным рухам.
Пасля таго як у 2022 годзе нарада бакоў Аргускай канвенцыі ААН прызнала ліквідацыю «Экодома» пераследам і заклікала аднавіць рэгістрацыю, улады Беларусі вырашылі выйсці з канвенцыі. У 2023 годзе краіна таксама афіцыйна пакінула Бернскую канвенцыю аб ахове дзікай прыроды.
«Звужэнне грамадскага кантролю за экалагічнай палітыкай непазбежна пагаршае якасць рашэнняў, якія прымаюцца ў краіне, і наўпрост уплывае на бяспеку навакольнага асяроддзя, прадуктаў харчавання і вады. Незалежная экспертыза ўнутры Беларусі цяпер фактычна заблакаваная», — адзначаюць аўтары даследавання.
Нягледзячы на ціск, які працягваецца, частка экалагічных ініцыятыў працягвае працу, адзначаецца ў дакладзе. Унутры Беларусі актывісты перайшлі да непублічных фарматаў працы і лакальнай нішавай падтрымкі. За мяжой эксперты засяродзіліся на міжнароднай адвакацыі, экспертнай аналітыцы і асвеце. Таксама сфармаваліся новыя ініцыятывы, якія распрацоўваюць стратэгію будучых экалагічных рэформ і манітораць уплыў вайны ва Украіне на экалогію рэгіёна.