Латвія не будзе закрываць мяжу

Галоўнае
Фото: rs.gov.lv

Латвія не будзе закрываць пункт пропуску «Патэрніекі» («Грыгароўшчына») на беларуска-латвійскай мяжы. Такое рашэнне 4 жніўня прыняў урад краіны, паведамляе LSM.

Тэхнічныя праблемы, з-за якіх пункт пропуску застаецца закрытым з 31 ліпеня, плануецца вырашыць сёння.

Закрыць мяжу прапаноўвала МУС Латвіі на фоне міграцыйнага крызісу. Аднак прэм’ер-міністр Андрыс Кулбергс заявіў, што мігранты пранікаюць у Латвію не праз пункт пропуску, а спрабуюць пераадолець агароджу, таму «Патэрніекі» закрываць не будуць.

Кулбергс заявіў, што ў жніўні міністэрствы ўнутраных спраў і абароны Латвіі прымуць прэвентыўныя меры для барацьбы з нелегальнай міграцыяй. Урад разглядае ўсе магчымыя варыянты вырашэння праблемы.

Паводле слоў латвійскага прэм’ера, на дадзены момант закрыццё пункта пропуску на беларускай мяжы не разглядаецца, але такое рашэнне можа быць прынятае ў выпадку абвастрэння сітуацыі ў пункце пропуску.

«Гэтае пытанне цяпер не ўключана ў парадак дня, але гэта адзін з некалькіх варыянтаў, з якімі мы можам рухацца далей», — адзначыў Кулбергс.

Для барацьбы з нелегальнай міграцыяй да мяжы на час вучэнняў будуць перамешчаныя сілы НАТА.

«У тым ліку міністр абароны абвясціў, што будуць праведзены і вучэнні, і сілы нашых саюзнікаў таксама будуць у значна большай колькасці размешчаныя бліжэй да мяжы, што паспрыяе яе ўмацаванню», — заявіў прэм’ер-міністр Латвіі.

Паводле слоў Кулбергса, тэхнічныя праблемы ў пункце пропуску, з-за якіх ён не працуе з пятніцы, плануецца вырашыць ужо сёння. Гэтыя праблемы звязаныя з пакрыццём мабільнай сеткі.

Адзіны дзеючы пункт пропуску «Патэрніекі» на латвійска-беларускай мяжы прыпыніў працу ўвечары 31 ліпеня. Латвійскі бок растлумачыў гэта «тэхнічным збоем». МЗС Беларусі прыгразіла Латвіі адказнымі дзеяннямі несіметрычнага характару.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.