«Белкаапсаюз» сёлета пры закупцы сельгаспрадукцыі ў насельніцтва вырашыў патрабаваць пашпарт і даведку аб вядзенні асабістай падсобнай гаспадаркі. Праўда, такое патрабаванне прад’яўляецца толькі пры закупцы ад адной тоны прадукцыі. Мера накіраваная супраць дробных перакупшчыкаў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры расказала намесніца старшыні праўлення «Белкаапсаюза» Аксана Скіндар.
«У бягучым годзе ў нас крыху змененыя правілы сістэмы вядзення закупак сельскагаспадарчай прадукцыі, прадукцыі раслінаводства пры працы з сельскім жыхаром. Пры прыёме звыш адной тоны прадукцыі раслінаводства закупка нарыхтоўчымі арганізацыямі спажывецкай кааперацыі ажыццяўляецца выключна пры прад’яўленні дакумента, які сведчыць асобу, а таксама даведкі аб наяўнасці прысядзібнага ўчастка.
Такі падыход, напэўна, выпрацаваны часам, каб пазбегнуць дробных аптовых перакупшчыкаў, якія раней маглі здаць нарыхтоўчым арганізацыям набыты тавар. І зноў жа з мэтай больш цеснага супрацоўніцтва з сельскім жыхаром і тым насельніцтвам, якое зацікаўленае ў вырошчванні прадукцыі на сваіх асабістых прысядзібных участках. Як я ўжо казала вышэй, гэта аднагатунковая прадукцыя. Каб мы разумелі, што закупляем у адной фізічнай асобы або ў фермерскай гаспадаркі не рознагатунковую прадукцыю, калі ў адной партыі прысутнічаюць некалькі гатункаў, а калі насельніцтва ўжо гарантавана вырошчвае і прапануе нарыхтоўчым арганізацыям прадукцыю аднаго гатунку высокай якасці, вырашчаную на асабістым прысядзібным участку», — сказала яна.
Паводле слоў Скіндар, за першае паўгоддзе толькі фізічным асобам «Белкаапсаюз» выплаціў 78,2 млн рублёў за сельгаспрадукцыю. Было закуплена 6 тыс. т бульбы, 11 тыс. т гародніны, больш за 4,5 тыс. т садавіны, пладоў і ягад, а таксама 20 т дзікаросаў.
Намесніца старшыні праўлення «Белкаапсаюза» таксама назвала закупачныя цэны. Паводле яе інфармацыі, на 30 ліпеня спажывецкая кааперацыя набывала прадукцыю ў насельніцтва па наступных расцэнках:
- бульба — ад 0,8 рубля за кг,
- агуркі — ад 1 рубля за кг,
- таматы — ад 2,5 рубля за кг,
- чарніцы — ад 6 рублёў за кг,
- чырвоныя парэчкі — ад 1,5 рубля за кг,
- чорныя парэчкі — ад 3 рублёў за кг,
- вішні — ад 2,5 рубля за кг,
- культываваная буякі — ад 7 рублёў за кг,
- лісічкі — ад 9 рублёў за кг.
Яблычны апад плануецца закупляць па 15–20 капеек за кілаграм. Аксана Скіндар адзначыла, што закупачныя цэны рэгулярна змяняюцца. На асобныя пазіцыі, напрыклад, лясныя ягады, яны могуць змяняцца нават на працягу дня.
