Іран у найбліжэйшы час можа атрымаць першую партыю кітайскіх пераносных зенітных ракетных комплексаў. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы.
Усяго кантракт коштам 60-70 млн долараў прадугледжвае пастаўку 300-400 ПЗРК мадэляў QW-12 і FN-16.
Паводле звестак крыніц агенцтва, кантракт заключаны паміж Zhongqing Baoshang International Investment і пасярэднікам з Ганконга, які дзейнічае ў інтарэсах іранскага боку.
МЗС Кітая адмаўляе наяўнасць здзелкі, назваўшы паведамленні пра яе беспадстаўнымі.
Меркавана, пастаўка можа быць арганізавана праз тэрыторыю Пакістана. У Пакістане адмаўляюць такую магчымасць.
Пераносныя ЗРК здольныя ўзмацніць паветраную абарону Ірана блізкага радыуса дзеяння. Асноўнымі мэтамі для іх могуць быць дроны і аб’екты, якія ляцяць на нізкай вышыні.
